Украіна нанесла новы ўдар па Сызранскім НПЗ. Улады расейскага рэгіёну паведамілі аб двух загінулых

Дым над прамысловай зонай Сызранскага НПЗ, 21 траўня 2026 году

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў удар украінскіх сіл па Сызранскім нафтаперапрацоўчым заводзе (НПЗ).

«Яшчэ адна наша далёкабойная санкцыя супраць расейскай нафтаперапрацоўкі, і працягваем гэты кірунак. Цяпер Сызранскі НПЗ, адлегласьць ад нашай мяжы — больш за 800 кілямэтраў», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Аб украінскай атацы на Самарскую вобласьць, найперш на Сызрань, раніцай 21 траўня паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Федарышчаў. Ён адзначыў толькі, што ў выніку атакі загінулі два чалавекі. Аб пацэльваньні ў прадпрыемства ён не згадваў.

Шэраг расейскіх і ўкраінскіх маніторынгавых каналаў высьветлілі, што цэльлю атакі быў Сызранскі НПЗ. Відавочцы ўдару паведамлялі аб чорным дыме, які падняўся над прамысловай зонай прадпрыемства пасьля ўдару.

Сызранскі НПЗ уваходзіць у Самарскую групу нафтаперапрацоўчых заводаў «Роснефть». Праектная магутнасьць першаснай перапрацоўкі складае 8,5 мільёна тон нафты на год. Завод выпускае бэнзіны і дызэльнае паліва, авіяцыйнае паліва, звадкаваны газ і бітум. Украінскія сілы ўжо не адзін раз атакавалі гэтае прадпрыемства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі спыніў дзейнасьць адзін з НПЗ, які некалькі разоў атакавалі ўкраінскія войскі

Чаму Ўкраіна атакуе НПЗ і вайсковыя аб’екты ў Расеі

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну авіяўдары наносіліся па розных аб’ектах на тэрыторыі Расеі.

Нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) Расеі часьцей за ўсё былі цэлямі паветраных атак у 2024 і 2025 гадах.

Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны звычайна пацьвярджае большасьць атак, заяўляючы, што Армія абароны Ўкраіны «сыстэматычна рэалізуе захады, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымушэньне Расейскай Фэдэрацыі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны».

Нафтаперапрацоўчая галіна прыносіць найбольшыя даходы ў дзяржаўны бюджэт Расеі. Апроч таго, НПЗ забясьпечваюць палівам усю вайсковую тэхніку і авіяцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны пацэлілі ў нафтаперапрацоўчы і абаронны заводы ў Расеі. Расея атакавала Палтаву, Харкаў, Запарожжа

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.