Зноў судзяць палітвязьня Кнігу
20 траўня ў судзе Мазырскага раёну паводле 411 артыкулу Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы») судзяць палітвязьня Ўладзімера Кнігу, паведамляе «Вясна». Паводле праваабаронцаў для Кнігі гэта будзе трэці суд па такім артыкуле. Два папярэдніх суды, у 2023 і 2025 гадах, дадавалі да тэрміну, на які асуджаны палітзьняволены, яшчэ па году. На момант новага суду агульны тэрмін у Кнігі складаў 6 гадоў.
Уладзімеру 45 гадоў, да арышту 29 траўня 2020 году ён быў валянтэрам ініцыятывы «Краіна для жыцьця».
«Уладзімер Кніга — былы супрацоўнік АМАП. Ён прыйшоў у рух „Краіна для жыцьця“, бо як ніхто іншы разумеў усю несправядлівасьць сыстэмы. На той момант ён ужо не працаваў у АМАПе, быў кіроўцам», — узгадвала пра Кнігу актывістка Вольга Зазулінская.
Ва Ўладзімера Кнігі двое дзяцей. Старэйшы сын мае інваліднасьць, Уладзімер апекаваўся ім да самага арышту.
Асудзілі Ўладзімера Кнігу ў 2021 годзе паводле двух артыкулаў, у тым ліку за «гвалт альбо пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Валянтэр не прызнаў віны. Былога амапаўца трымаюць у калёніі № 20 у Мазыры.
Зьвестак з новага суду над Уладзімерам Кнігам праваабаронцы ня маюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былы амапавец, мае сына з цэрэбральным паралічам. Што вядома пра Ўладзімера Кнігу, якога будуць трэці раз судзіць у калёнііЖыхара Мёраў двойчы пакаралі арыштам за плякат «Работу!»
Жыхара райцэнтру Мёры Сяргея (прозьвішча ёсьць у рэдакцыі Свабоды) пакаралі 15 днямі арышту за плякат «Работу!», з якім ён прыйшоў у мясцовы райвыканкам, дзе быў затрыманы міліцыяй. Гэта адбылося ў красавіку 2026 году.
19 траўня ў Мёрах адбыўся новы суд над Сяргеем. Падставай для прыцягненьня яго да адказнасьці стала тое, што ў тэлефоне знайшлі падпіску на крыніцу, прызнаную экстрэмісцкай.
«3 траўня мяне арыштавалі міліцыянты ў хаце і адабралі тэлефон. Двое сутак мяне пратрымалі без усялякіх тлумачэньняў. Хто і што рабіў з маім тэлефонам, мне невядома. У выніку нібыта ў маім Фэйсбуку знайшлі падпіску на экстрэмісцкі сайт ксяндза Вячаслава Барка, хаця я Фэйсбукам зусім не карыстаюся і ніколі ні на што не падпісваўся», — паведамляў Сяргей да пачатку другога суду.
«Учора адбыўся суд. Яшчэ 15 сутак», — распавяла 20 траўня дасьведчаная крыніца пра вынік суду над Сяргеем.
Яшчэ трох чалавек асудзілі за «Гуканьне вясны» ў Гомлі
У Гомлі сама меней яшчэ трох чалавек асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу за ўдзел у абрадзе «Гуканьне вясны» паводле абвінавачаньня ў правядзеньні «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства», паведаміла выданьне «Флагшток».
Раней сама меней адзін абраду атрымаў 15 сутак арышту, пяць чалавек — штрафы ў 100 базавых (4 500 рублёў). Яшчэ адзін чалавек, якога палічылі арганізатарам, — штраф у 150 базавых велічынь (6 750 рублёў). Сярод тых, каго аштрафавалі, быў і ўчастковы інспэктар міліцыі Віктар Шыпкоў. Ён дагэтуль значыцца ўчастковым у базе МУС.
Рэстаран «Спадчына», дзе праводзілі абрад, працягвае работу — яго закрывалі на пэўны час, але потым зноў адкрылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 19 траўня: мэдсястру зь Менска асудзілі паводле палітычных артыкулаўЗавочна пачынаюць судзіць 44-гадовага Мікалая Тарасенку
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Магілёўскі абласны суд 20 траўня пачынае разгляд справы супраць Мікалая Тарасенкі. Яму інкрымінавалі артыкул 188 (паклёп), ч. 3 артыкулу 361 (заклікі да санкцый або іншых дзеяньняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі), ч. 1 і ч. 2 артыкулу 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі).
Сьледчы камітэт Беларусі пачаў завочнае вядзеньня супраць актывіста сёлета ў студзені.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Завочна судзяць палітоляга Балкунца, яму пагражае да 12 гадоў. А ён у роварным туры па ЭўропеПрайшлі ператрусы ў двух чалавек, зьвязаных з выданьнем «Флагшток»
Выданьне паведаміла, што ператрусы адбыліся 19 траўня, і адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК «адкрыта заявіў, што падобныя дзеяньні будуць працягваць да таго часу, пакуль на нашым рэсурсе будуць выходзіць новыя публікацыі».
«Ціск на канкрэтных людзей можа разглядацца толькі як чарговая спроба запалохваньня і ціску на незалежныя мэдыя ў Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».