У Інстытуце вывучэньня вайны назвалі прычыны нечарговага правядзеньня ядзерных вучэньняў Расеі і Беларусі

Здольная несьці атамную зброю расейская гіпэргукавая ракетная сыстэма «Арэшнік», нібыта разгорнутая ў сьнежні 2025 году ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі назвалі сваю частку супольных з Расеяй ядзерных вучэньняў плянавай. Хоць раней вучэньні адбываліся ўвосень.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея вырашыла прадэманстраваць сваю ядзерную моц, каб адцягнуць увагу ад усё менш эфэктыўных дзеяньняў свайго войска на полі бою ва Ўкраіне.

«Расея раней не абвяшчала плянаў правесьці ядзерныя вучэньні 19–21 траўня і праводзіць іх сёлета значна раней, чым свае звычайныя паветраныя, наземныя і морскія ядзерныя вучэньні, якія з 2022 году адбываюцца штогод у кастрычніку», — адзначаецца ў справаздачы аналітыкаў за 19 траўня.

Апошні раз расейскія войскі нечаргова праводзілі ядзерныя вучэньні летам 2024 году і канцэнтраваліся на падрыхтоўцы і выкарыстаньні нестратэгічнай (тактычнай) ядзернай зброі.

Экспэрты таксама зьвярнулі ўвагу, што Крэмль у сувязі з гэтымі вучэньнямі зноў паўтарыў пагрозы ў адрас NATO — 19 траўня намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў заявіў, што Расея і NATO стаяць усё бліжэй да простага сутыкненьня з катастрафічнымі наступствамі, і абвінаваціў краіны блёку ў правакаваньні Расеі ў ядзернай сфэры.

«Расейскія войскі пакуль не змаглі дасягнуць значных посьпехаў у сваім наступе вясной–летам 2026 году, украінскія войскі дэманстравалі тактычную ініцыятыву на некалькіх участках лініі фронту, а расейскія войскі не змаглі абараніць глыбокі тыл Расеі ад усё больш разбуральных украінскіх удараў», — адзначылі аналітыкі ISW.

Паводле аналітыкаў, расейскія чыноўнікі могуць абвінавачваць краіны NATO у эскаляцыйных паводзінах падчас вучэньняў, спрабуючы ажыцьцявіць рэфлексіўны кантроль — тактыку ўплыву на праціўніка з дапамогай мэтанакіраванай рыторыкі і інфармацыйных апэрацыяў, каб праціўнік добраахвотна рабіў дзеяньні, выгадныя Расеі, каб аддзяліць Украіну ад яе эўрапейскіх партнэраў і зьменшыць падтрымку абарончых захадаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі паведамілі дэталі супольных зь Беларусьсю ядзерных вучэньняў. Яны будуць праходзіць да 21 траўня

Што папярэднічала

18 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку трэнаваньня вайсковых частак у баявым выкарыстаньні ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэньня. Манэўрамі кіруе начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка.

Манэўры назвалі плянавымі і падкрэсьлілі, што яны не накіраваныя супраць трэціх краін. Аднак колькасьць сіл, якія ўдзельнічаюць у вучэньнях, не ўдакладнілі.

Ва Ўкраіне назвалі гэтыя вучэньні беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глябальнай бясьпекі. У Міністэрстве замежных справаў Украіны заявілі, што супольныя ўдарныя вучэньні Беларусі і Расеі наўпрост парушаюць фундамэнтальныя артыкулы 1 і 2 Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць дзяржавам, якія валодаюць ядзернай зброяй, перадаваць кантроль над тэхналёгіямі масавага зьнішчэньня, а няядзерным падпісантам — прымаць іх.

«Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны пляцдарм на межах NATO, Крэмль фактычна легітымізуе распаўсюджваньне ядзернай зброі па ўсім сьвеце і стварае небясьпечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеяньні павінны быць адназначна і рашуча асуджаныя ўсімі дзяржавамі, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджваньня ядзернай зброі», — адзначылі ў МЗС.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі і Расеі праводзяць такія супольныя трэнаваньні з 2023 году і заяўляюць, што такім чынам яны адпрацоўваюць мэханізмы ядзернага стрымліваньня. Хоць абодва бакі ня раз пагражалі сапраўдным выкарыстаньнем ядзернай зброі.

Апошні раз такія манэўры праходзілі ў верасьні 2025 году ў межах беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025».

У 2024 годзе яны праходзілі ў два этапы — у траўні і чэрвені. Тады абвясьцілі раптоўную праверку боегатоўнасьці, а на другім этапе практыкаваліся ў вынасе спэцыяльных боепрыпасаў з сховішчаў і іх дастаўцы на аэрадромы і стартавыя пазыцыі.

У красавіку 2023 году беларускія вайсковыя лётнікі і ракетнікі прайшлі ў Расеі поўны цыкль тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі паводле праграмы эксплюатацыі і выкарыстаньня тактычнай ядзернай зброі.

У той жа час пакуль няма пацьверджанай інфармацыі аб тым, што Расея перадала Беларусі тактычную ядзерную зброю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызнаў, што ня можа ўжыць ядзерную зброю бяз Пуціна, і назваў «чырвонай лініяй» перасячэньне беларускай мяжы