«Выратавалі адразу два жыцьці»
Мар’ям Сума паведаміла Свабодзе, што 23 траўня ўзьядналася з сваёй дачкой, якая прыляцела самалётам з Масквы ў сталіцу Гвінэі Канакры ў суправаджэньні консула Гвінэі і мэдычнага работніка.
Мар’ям запэўнівае, што яна і яе вялікая сям’я ў Гвінэі змогуць добра апекавацца Сабінай, і ня можа стрымаць радасьці:
«Я ня ведаю, як правільна выказаць свае думкі — радасьць такая велізарная! Я, маці, разлучаная з сваім дзіцем з самага нараджэньня, нават сабе не магу пераказаць выпрабаваньні, зь якімі сутыкнулася цягам месяцаў. І сёньня Бог паклаў канец маім пакутам. Я дзякую ўладам Беларусі, што выратавалі адразу два жыцьці, і міжнародным гуманітарным арганізацыям — ААН, асабліва UNICEF-Беларусь, агенцтву AFP і іншым мэдыя. Яны сапраўды змагаліся за мяне і маю дачку. Дзякуючы ім урад Гвінэі, ведаючы, што адна з гвінэйскіх грамадзянак апынулася ў цяжкой сытуацыі, прыйшоў на дапамогу, каб маё дзіця магло быць з маці».
Амбасада Гвінэі ў Маскве зрабіла падарожны дакумэнт для дзіцяці, два аддзяленьні UNICEF камунікавалі паміж сабой, каб арганізаваць вываз дзяўчынкі.
Пасьля ўмяшаньня міжнародных арганізацыяў і дыпляматаў Гвінэі ўлады Беларусі знайшлі магчымасьць вярнуць Сабіну яе маці.
Забралі дзіця прадстаўнікі ўладаў Гвінэі, бо маці забаронены ўезд у Беларусь. Пераезд паўтарагадовай дзяўчынкі заняў некалькі дзён. Яна ўпершыню трапіла на рукі маці.
«Я праводзіла дні бязь ежы, ночы бяз сну, думаючы, што немагчыма быць далёка ад дачкі, але магчыма быць побач зь ёй. Быў час малітвы, і сёньня Бог нарэшце дараваў мне. Я хачу падзякаваць усім — як міжнародным, так і нацыянальным арганізацыям — за гэтую высакародную барацьбу, якую мы вялі разам», —сказала Свабодзе Мар’ям Сума.
Што кажа праваабаронца
Фактычна гэта была спэцапэрацыя, выказала ў інтэрвію Свабодзе свае меркаваньне аб гэтай сытуацыі праваабаронца з Human Constanta, якая займалася справай Мар’ям. Прайшло 10 месяцаў пасьля яе дэпартацыі і амаль паўтара года, як нарадзілася Сабіна.
«Дзіцяці ўжо паўтара года, але акрамя як у зуме, яна маці ніколі не бачыла. Можа, будзем зьбіраць ёй дапамогу. Але гэта нарэшце адбылося».
Праваабаронца з Human Constanta мяркуе, што ў гэтым выпадку дзяржаўныя органы Беларусі зрабілі тое, што не суадносіцца з нормамі права.
«Так, Мар’ям, яе маці, парушала заканадаўства, былі падставы яе дэпартаваць. Але інтарэсы дзіцяці не былі ўлічаныя. Служба міграцыі разам зь міліцыяй пасьпяшаліся дэпартаваць Мар’ям і пакінулі гэтае дзіця адно. Насамрэч адбылося жудаснае парушэньне правоў дзіцяці, якое нічога кепскага не зрабіла, але засталося бяз маці на паўтара года».
Паводле праваабаронцы, паўтара года дзяўчынка жыла ў дзіцячым доме толькі таму, што міграцыйныя органы пасьпяшаліся дэпартаваць маці. Маглі выслаць дваіх, але вельмі ж хацелася «навесьці парадак».
«Раней у Беларусі такога не было, былі пагрозы разьдзяліць маці і дзіця, але такога не было. Зараз у Беларусі ўсё болей жанчын-мігрантак, шмат цяжарных. Нас гэта палохае. Але мы спадзяемся, што і дзяржава тут зробіць нейкія высновы, ніхто ж ня быў зацікаўлены ў тым, каб малеча Сабіна паўтара года так жыла».
Праваабаронца з Human Constanta мяркуе, што беларуская дзяржава сама паставіла сябе ў такую нязручную сытуацыю. Проста трэба было крыху пачакаць, Мар’ям бы нікуды не падзелася, яна была зацікаўленая быць з дачкой, можна было б пачакаць, пакуль дзіця выпішуць зь лякарні і выправадзіць іх абаіх:
«Сытуацыя не разьвязалася б, калі б ад імя Мар’ям не пайшоў зварот у ААН — у Камітэты правоў дзіцяці, правоў жанчын, да спэцдакладчыкаў. Ад іх імя быў зроблены зварот да беларускай дзяржавы. І калі дзяржава ігнаруе палітычныя запыты, то тут яна адказала і пачала думаць, як вырашыць гэтую сытуацыю.
Не было ніякіх падставаў пазбаўляць Мар’ям дзіцяці. Яна не была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, іх проста разлучылі безь ніякіх падставаў. Гэта адміністрацыйная памылка, якая скончылася разлукай для сям’і».
Улады Беларусі не адказалі на запыты агенцтва AFP аб камэнтары да гэтай сытуацыі.
Што папярэднічала
З словаў самой Мар’ям Сума і прадстаўнікоў праваабарончых групаў, якія займаліся яе справай, у 2025 годзе ўлады Беларусі дэпартавалі яе ў Гвінэю, а нованароджанае дзіця пакінулі ў Менску.
Яе дачка Сабіна нарадзілася ў лістападзе 2024 году неданошанай, яна важыла ўсяго 600 грамаў, кажа маці. Падчас датэрміновых родаў і кесаравага сячэньня беларускія лекары выратавалі жыцьці маці і дачкі.
Пасьля выхаду з шпіталя Мар’ям удалося пабачыць сваю маленькую дачку некалькі разоў, пакуль тая была ў дзіцячым шпіталі. Калі Сабіне было чатыры месяцы, яе перавялі ў дзіцячы дом у Менску, а маці да яе ўжо больш не пусьцілі.
Мар’ям Сума без дачкі. Канакры, Гвінэя. 29 сьнежня 2025 году
Мар’ям расказала, што тады ў Беларусі зь яе запатрабавалі за лячэньне дзіцяці больш за 30 тысяч даляраў. Яна сьцьвярджае, што на той час сама мела ў Беларусі гадавую мэдычную страхоўку.
Мар’ям прызнавала, што хацела празь Беларусь трапіць у Эўразьвяз, каб вучыцца, хацела лепшага жыцьця. Але адмаўляе, што хацела нелегальна пераходзіць мяжу недзе ў лесе.
Пазьней, як кажа Мар’ям, беларускія міграцыйныя службы прызналі, што яе дазвол на жыхарства скончыўся і што яна парушыла закон. Яе арыштавалі на месяц, а потым адвезьлі ў аэрапорт, прымусілі сесьці ў самалёт без дачкі і дэпартавалі з краіны.
Калі Мар’ям зноў трапіла ў Гвінэю, яна пачала шукаць дапамогі ў справе вяртаньні дачкі ў дыпляматаў, праваабаронцаў і UNICEF (Дзіцячага фонду ААН).