Літовец з крымінальным прысудам, які ўцёк у Беларусь і выступаў на БТ, трапіў у рэанімацыю

Антанас Кандротас, скрын зь відэазапісу тэлеканалу Беларусь-4

Грамадзянін Літвы Антанас Кандротас (мянушка Цэлафанас), якога суд Вільні пакараў адным годам пазбаўленьня волі за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе, уцёк у Беларусь і трапіў там у рэанімацыю.

«Антанас Кандротас перанёс востры інфаркт. Яго адвезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, дзе яму зрабілі апэрацыю на сэрцы. Цяпер Антанас знаходзіцца ў рэанімацыі», — напісана на ягонай старонцы ў Facebook.

Там жа разьмешчана ягонае фота на шпітальным ложку. У якім горадзе яго шпіталізавалі, не паведамляецца.

Антанас Кандротас (мянушка Цэлафан) у беларускай лякарні. Скрын яго старонкі ў Facebook, 19 траўня 2026 году

Гэтая інфармацыя зьявілася адразу пасьля таго, як літоўскае выданьне LRT паведаміла аб пераносе на 7 ліпеня разгляду ягонай апэляцыі на прысуд аб пазбаўленьні волі на адзін год за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе.

Апэляцыю плянавалі разглядаць 19 траўня, але Антанас Кандротас не зьявіўся на суд, а ягоны адвакат хадайнічаў аб пераносе разгляду апэляцыі праз хваробу і адсутнасьць у Літве падсуднага. Адвакат паведаміў, што яго падабаронны знаходзіцца ў Беларусі і там з інфарктам трапіў у лякарню.

Інфармацыя аб тым, што Антанас Кандротас выехаў у Беларусь, зьявілася не пазьней за 4 траўня. Ён ня меў права выяжджаць зь Літвы праз падпіску аб нявыезьдзе, пад якую трапіў адразу пасьля вынясеньня яму прысуду.

Праваахоўныя службы Літвы ня ведаюць, якім чынам Кандротас выехаў у Беларусь. Не выключаюць, што ён спачатку перасек унутраную эўрапейскую мяжу, якую не кантралююць, а потым зь іншай краіны Эўразьвязу вылецеў у Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літоўца, які ўдзельнічаў у прапагандысцкіх праграмах БТ, на год пазбавілі волі

Чым вядомы Кандротас?

Антанаса Кандротаса ледзь ня кожны тыдзень запрашалі на перадачы Горадзенскай абласной тэлекампаніі, дзе ён выказваўся супраць палітыкі Літвы датычна Беларусі, крытыкаваў стварэньне новага вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору і рост вайсковых выдаткаў.

Кандротаса шмат разоў судзілі — за фінансавыя махлярствы, за беспарадкі каля парлямэнту, ён сядзеў у турме, але быў датэрмінова вызвалены ў 2025 годзе.

У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў, сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта быў. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса адмежаваўся.

У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць сваіх эўрапейскіх суседзяў.

У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітык, які ня браў удзел у выбарах, шматкроць суджаны. Што вядома пра літоўца з прапагандысцкіх перадачаў Беларускай тэлевізіі