«Я б на месцы Лукашэнкі збаяўся гэтай малітвы». Пратэстанты пра малітву за Лукашэнку і Пуціна на «Фэстывалі надзеі»

Прапаведнік Франклін Грэм і ядзерныя вучэньні, ілюстрацыйны каляж

Беларускія і расейская войскі на тэрыторыі Беларусі трэнуюцца наносіць ядзерны ўдар. Зяленскі заявіў, што Расея зноў плянуе ўдары па Ўкраіне зь Беларусі. Як пратэстанцкія вернікі і прапаведнікі ўспрынялі малітву за Лукашэнку і Пуціна на «Фэстывалі надзеі» з удзелам духоўнага дарадцы Трампа. 

У «ПіКу Свабоды» бяруць удзел украінскі палітоляг Яўген Магда, а таксама пратэстанцкі прапаведнік Сяргей Мельянец і пратэстанцкі вернік Анатоль Шырвель.

Глядзець размову відэа цалкам

Тут фрагмэнт размовы

Мельянец: Я спадзяюся, што ў Грэма быў шанец канкрэтна заклікаць Лукашэнку да пакаяньня

Пратэстанцкі пастар і былы вязень сумленьня Сяргей Мельянец лічыць беспрэцэдэнтным для беларускіх пратэстантаў правядзеньне ў Менску «Фэстывалю надзеі» з удзелам амэрыканскага прапаведніка Фрэнкліна Грэма.

«Па-першае, хацелася б падкрэсьліць грандыёзнасьць таго, што адбылося, бо, мусіць, з пачатку дзевяностых такога маштабу магчымасьці, якую давалі пратэстантам, яшчэ не было. То бок калі на пачатку дзевяностых былі нейкія маштабныя акцыі, то крыху пазьней, напэўна, з дзевяноста пятага году такога больш не давалі».

Ён адзначыў, што галоўным вынікам стала магчымасьць адкрытага хрысьціянскага служэньня.

«Там прагучала слова Божае, там прагучала пропаведзь. Гэта, вядома ж, вялізная падзяка Богу за гэтую магчымасьць. І гэта выдатна, калі беларусы маюць магчымасьць вось так адкрыта пачуць аб тым, што ёсьць Бог, які любіць нас і якому ня ўсё роўна, што адбываецца ў нашай Беларусі, і ёсьць надзея».

Асобна Мельянец вылучыў аб’яднаньне пратэстанцкіх цэркваў і маштаб арганізацыі фэстывалю.

«Вельмі было прыемна чуць той хор, які сабралі зь дзясяткаў цэркваў, — рэальна 1300 чалавек. Ну дзе вы бачылі такі хор у Беларусі?»

Пры гэтым ён прызнаў, што ў часткі вернікаў узьнікла крытыка да сустрэчы Франкліна Грэма з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Ёсьць і нэгатыўная рэакцыя з боку беларускіх хрысьціян — найперш за нібыта легітымізацыю таго, што адбываецца ў Беларусі, калі сустракаюцца з найвышэйшым кіраўніцтвам прапаведнікі, калі моляцца аб уладах».

Прапаведнік кажа, што хрысьціяне павінны ня толькі маліцца за ўлады, але і казаць пра несправядлівасьць. Ён выказаў спадзеў, што падчас сустрэчы ў Менску Грэм казаў уладам Беларусі пра адказнасьць за падзеі ў краіне.

«Я спадзяюся, што ў яго быў шанец канкрэтна заклікаць да пакаяньня, выкрыць у граху і сказаць, што тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта няправільна, гэта ня богаўгодная справа».

На думку Мельянца, удзельнікі фэстывалю і ўлады мелі розныя мэты.

«Калі хрысьціяне відавочна хацелі правесьці маштабнае мерапрыемства, эвангелізацыю, то зразумела, што ва ўладаў задачы эвангелізаваць беларусаў, хутчэй за ўсё, не было».

Паводле пастара, Менск мог выкарыстоўваць візыт для паляпшэньня адносінаў з Захадам і адміністрацыяй Дональда Трампа. Мельянец бачыць у падзеі знак магчымых пераменаў у Беларусі.

Шырвель: Малітва за ўлады не азначае падтрымку або ўхваленьне іх дзеяньняў

Пратэстанцкі вернік і рэдактар сайту тэлеканалу «Белсат» журналіст Анатоль Шырвель прызнаецца, што спачатку ня ведаў, як правільна рэагаваць на візыт у Беларусь Фрэнкліна Грэма.

«Здавалася, што чалавек такога маштабу сустрэнецца з Лукашэнкам, будзе гаварыць аб пратэстанцкай царкве, аб Эвангельлі ў Беларусі — і ўсё гэта на фоне таго, што ў турмах дагэтуль знаходзяцца сьвятары, пастыры і вернікі, асуджаныя з палітычных матываў».

Пасьля роздуму ён прыйшоў да высновы, што ў гэтай гісторыі ўсё ж ёсьць важны пазытыўны бок — асабліва калі глядзець на яе з рэлігійнага гледзішча. Калі выключыць з кантэксту Бога, кажа Шырвель, то атрымаецца проста сустрэча людзей, канцэрт і пропаведзь. Але калі верыць у Бога, то гэта ўжо выглядае як значная падзея для ўсёй эвангельскай супольнасьці Беларусі.

На «Фэстывалі надзеі» пад адным дахам сабраліся прадстаўнікі розных эвангельскіх канфэсіяў — баптысты, пяцідзесятнікі, харызматы. Тысячы людзей разам маліліся, славілі Бога і маліліся за Беларусь. І ў гэтым, на думку Шырвеля, быў галоўны сэнс і галоўны пазытыў фэстывалю.

Разам з тым ён прызнае і відавочны палітычны кантэкст. Без кантактаў паміж Вашынгтонам і Менскам, безь візыту амэрыканскага спэцыяльнага пасланьніка Джона Коўла і без адміністрацыі Трампа такая падзея ў Беларусі была б немагчымай. Паводле Шырвеля, гэтая падзея мае і палітычную цану.

Асобна ён зьвярнуў увагу на інтэрвію Фрэнкліна Грэма дзяржаўнай тэлевізіі. Некаторыя словы прапаведніка здаліся яму дзіўнымі — напрыклад, словы пра «чыстую і ўпарадкаваную» Беларусь. Шырвель іранічна заўважае, што краіну ўжо «занадта вычысьцілі», калі мільён беларусаў апынуўся ў выгнаньні, у тым ліку шмат пратэстантаў.

Камэнтуючы заклік Грэма маліцца за Лукашэнку, Пуціна і Трампа, Шырвель падкрэсьлівае: малітва за ўлады не азначае падтрымку або ўхваленьне іхных дзеяньняў. Наадварот — гэта прызнаньне таго, што над усякай зямной уладай ёсьць вышэйшая ўлада.

Паводле яго, калі вернікі моляцца: «Божа, дабраславі», — гэта азначае просьбу да Бога накіраваць чалавека ў бок дабра або спыніць зло, якое ён робіць. Таму малітва за Лукашэнку — гэта не легітымізацыя ягонай улады, а просьба аб пакаяньні і спыненьні несправядлівасьці.

Шырвель кажа, што ўважліва слухаў малітвы Фрэнкліна Грэма і беларускіх пратэстанцкіх лідэраў і не пачуў у іх падтрымкі рэпрэсіяў або гвалту. Наадварот, ён успрымае гэта як спробу «аддаць чалавека ў рукі Божыя».

«Тое, што было падчас гэтых двух дзён, ні ў якім разе ня ёсьць ухваленьнем дзейнасьці Лукашэнкі. Ён, вядома, мог бы сам палічыць, што гэта якраз ёсьць ухваленьне, што гэта ёсьць нейкая яго легітымізацыя. Ён займае пасаду прэзыдэнта. Якім чынам утрымлівае ўладу? Мы ж ведаем усе. Бог усемагутны таксама гэта добра ведае. Таму я б на месцы Лукашэнкі збаяўся гэтай малітвы. Бо калі сабраліся 10 000 чалавек, якія ведаюць пра цябе праўду і гэтую праўду кажуць Богу, то ў тваім жыцьці павінны быць нейкія наступствы, і яны абавязкова будуць».

На думку Шырвеля, сам фэстываль быў перадусім духоўнай падзеяй, але прыезд Фрэнкліна Грэма — безумоўна палітычнай акцыяй. Пры гэтым ён называе гэты крок «вельмі хітрым ходам» адміністрацыі Трампа. Замест палітыкаў у Беларусь адправілі духоўнага лідэра, які прыехаў не з афіцыйнай місіяй, а з рэлігійным пасланьнем.

Паводле Шырвеля, такія духоўныя акцыі ў якой-хаця краіне рыхтуюць глебу для будучых пераменаў. Ён мяркуе, што Вашынгтон імкнецца аслабіць залежнасьць Беларусі ад Расеі і паказаць Маскве, што ў Беларусі ёсьць вялікая супольнасьць людзей з каштоўнасьцямі, блізкімі амэрыканскім кансэрватыўным колам.

Шырвель таксама лічыць, што візыт Грэма стратэгічна можа быць карысным для будучыні Беларусі і яе эўрапейскай пэрспэктывы. Ён зьвяртае ўвагу, што нават Фрэнклін Грэм, нягледзячы на камплімэнты Лукашэнку, падкрэсьліваў эўрапейскі характар Беларусі і значнасьць яе сувэрэнітэту.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.