Выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі гімнастыкі (FIG) вырашыў неадкладна скасаваць усе абмежаваньні для беларускіх і расейскіх спартоўцаў зь лютага 2022 году.
Адпаведнае рашэньне, як адзначаецца ў паведамленьні, ухвалілі на пасяджэньні Выканаўчага камітэту фэдэрацыі, якое адбылося ў Шарм-эль-Шэйху (Эгіпет) 16–17 траўня.
Раней абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах скасавалі Міжнародная фэдэрацыя валейболу (FIVB), Міжнародная фэдэрацыя боксу (World Boxing), Міжнародны зьвяз сучаснага пяціборства (Union Internationale de Pentathlon Moderne, UIPM) на падставе рэкамэндацыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту.
Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Усясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі адхіліла рэкамэндацыю МАК дапусьціць беларусаў да спаборніцтваўЧаму гэта важна
Міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) увялі абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыеньні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК
У заяве Выканаўчага камітэту МАК ад 7 траўня адзначалася, што з сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.
У МАК зьвярнулі ўвагу на тое, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.
«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.