ЗША і Іран выставілі адно аднаму сустрэчныя варункі аднаўленьня перамоваў

Тэгеран

Вашынгтон выставіў Ірану пяць умоваў для пераходу да другога раўнду мірных перамоваў, паведамляе агенцтва Fars.

ЗША патрабуюць, каб Тэгеран адмовіўся ад усякіх прэтэнзіяў на кампэнсацыі з боку Вашынгтону, перадаў ЗША 400 кіляграмаў узбагачанага ўрану і захаваў дзейным толькі адзін ядзерны комплекс. Акрамя таго, амэрыканскі бок не гатовы размарожваць нават 25% іранскіх актываў і зьвязвае спыненьне баявых дзеяньняў у іншых краінах з хадою перамоваў.

Выкананьне гэтых патрабаваньняў не гарантуе адмовы ЗША і Ізраілю ад новых удараў па Іране, адзначае Fars.

Раней Іран таксама выставіў свае пяць варункаў для аднаўленьня перамоваў. Тэгеран патрабуе спыніць вайну, асабліва ў Лібане, зьняць санкцыі, размарозіць актывы, кампэнсаваць страты і прызнаць сувэрэнітэт Ірану над Армускай пратокай.

У пачатку траўня Іран перадаў ЗША мірны плян з 14 пунктаў. Ён прадугледжваў спыненьне баявых дзеяньняў, гарантыі ненападу, зьняцьце морскай блякады і вывад амэрыканскіх войскаў з рэгіёну.

Паводле зьвестак The Wall Street Journal, галоўным прадметам спрэчкі застаецца ядзерная праграма Ірану. ЗША настойваюць на неадкладных абавязаньнях абмежаваць ядзерную інфраструктуру і запасы ўрану, тады як Тэгеран прапануе абмяркоўваць гэтую тэму асобна цягам 30 дзён.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней назваў прапановы Ірану непрымальнымі. У Тэгеране на гэта адказалі, што рэакцыя прэзыдэнта ЗША ня мае ніякага значэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

1500 чалавек прагаласавалі на выбарах у Каардынацыйную раду за пяць дзён