Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб ліквідацыі аднаго зь лідэраў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава»

Нігерыя. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што ў выніку супольнай апэрацыі амэрыканскіх і нігерыйскіх вайскоўцаў зьнішчылі аднаго зь лідэраў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» (ІГІЛ) Абу Біляля аль-Майнукі.

«Гэтай ноччу, паводле майго загаду, адважныя амэрыканскія войскі і Ўзброеныя сілы Нігерыі бездакорна выканалі старанна сплянаваную і надзвычай складаную апэрацыю па ліквідацыі найбольш актыўнага тэрарыста ў сьвеце на полі бою», — напісаў Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Truth Social.

Паводле яго, аль-Майнукі быў другім у глябальнай герархіі ІГІЛ. Ён спадзяваўся схавацца ў Афрыцы, але амэрыканскія спэцслужбы адсочвалі яго дзеяньні.

У той жа час Трамп не ўдакладніў месца апэрацыі, але заявіў, што цяпер дзейнасьць ІГІЛ «значна паслабленая» і падзякаваў уладам Нігерыі за супрацу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Армія ЗША нанесла ўдары па аб’ектах «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі

Чаму гэта важна

Радыкальная групоўка «Ісламская дзяржава» часткова кантралявала тэрыторыю Іраку і Сірыі да 2019 году. З таго часу заходнія краіны працягваюць назіраньне і выведныя апэрацыі ў гэтым рэгіёне, каб прадухіліць адраджэньне «ІДІЛ». Паводле зьвестак ААН, у групоўку цяпер уваходзяць ад 5000 да 7000 байцоў у Іраку і Сірыі.

У лістападзе 2025 году Сірыя, якую пасьля зьвяржэньня рэжыму Башара Асада ў сьнежні 2024 году ўзначаліў пераходны прэзыдэнт Ахмад аш-Шараа, стала 90-й краінай, якая далучылася да міжнароднай кааліцыі, якая змагаецца з «ІДІЛ» на чале з ЗША.

У сьнежні 2025 году міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт абвясьціў аб пачатку апэрацыі «Помста», у рамках якой амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па дзясятках аб’ектаў «ІДІЛ» у Сірыі. 4 студзеня Вялікая Брытанія і Францыя нанесьлі авіяўдар па складзе зброі групоўкі каля Пальміры.

На поўначы і паўночным усходзе Нігерыі дзейнічаюць зьвязаныя з ІГІЛ і тэрарыстычным рухам «Аль-Каіда» групоўкі.

Хрысьціяне ў Нігерыі сутыкаюцца з перасьледам. Паводле зьвестак Эўрапейскага парлямэнту, паміж 2019 і 2023 гадамі амаль 17 000 хрысьціян былі забітыя ў выніку «мэтанакіраваных нападаў», а ў 2025 годзе больш за 7 000 загінулі за першыя сем месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

50 з больш чым 300 дзяцей, выкрадзеных узброенымі людзьмі з каталіцкай школы ў Нігерыі, уцяклі ад сваіх захопнікаў