У Магілёве на продаж выставілі бомбасховішча. І гэта ня першы выпадак

Дзьверы ў бомбасховішча, выстаўленае на продаж у Магілёве

Аўкцыён мае быць на плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы а 11:00 29 траўня. Першы крок таргоў складае 2 156,77 беларускага рубля.

Бомбасховішча цяпер належыць Магілёўскаму аблвыканкаму. Пакуль што яно знаходзіцца ў бясплатным карыстаньні адкрытага акцыянэрнага таварыства «Будаўнічы трэст № 17».

Як адзначаецца на сайце Беларускай унівэрсальнай біржы, на продаж прапануецца капітальны будынак з маналітнага жалезабэтону плошчай 90,3 квадратных мэтраў па вул. Куцепава, 17А ў Магілёве.

Пакупнік таксама зможа атрымаць у арэнду зямельны ўчастак плошчай 0,1189 гектара на 20 гадоў. Гэтую зямлю новы ўласьнік зможа выкарыстоўваць для будаўніцтва і абслугоўваньня бомбасховішча ці іншага аб’екта, што будзе створаны на яго базе.

Стартавая цана — 43 135,45 беларускага рубля. Пакуль на аўкцыён ніхто не зарэгістраваўся.

Гэта ня першы выпадак, калі ўлады выстаўляюць на аўкцыён бомбасховішча. Летась на продаж выставілі яшчэ адно бомбасховішча ў Магілёве — па вуліцы Крупскай, 226. Яно належала таксама будаўнічаму прадпрыемству — магілёўскай перасоўнай мэханізаванай калёне № 284. Стартавая цана бомбасховішча складала 21 тысячу беларускіх рублёў. На аўкцыён зарэгістраваўся адзін патэнцыйны пакупнік, але ўлады прызналі яго такім, што не адбыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як Беларусь адбудоўвала вайсковыя базы пасьля 2022 году і чым гэта пагражае суседзям. ФОТА

Колькі бомбасховішчаў у Беларусі

Паводле афіцыйнай інфармацыі, сыстэма грамадзянскай абароны Беларусі ўключае больш за 5 тысяч ахоўных збудаваньня рознага тыпу — сховішчы, супрацьрадыяцыйныя ўкрыцьці і простыя ўкрыцьці. Улады не паведамляюць аб стане, у якім яны знаходзяцца. Пераважная частка іх будавалася яшчэ ў савецкія часы.

У той жа час, асноўную частку такой сыстэмы аховы складаюць падвалы жылых дамоў, цокальныя паверхі, паркінгі і падземныя пераходы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Без наземнай апэрацыі нікуды». Лукашэнка паразважаў наконт магчымай вайны ў Беларусі