Калі будуць вызваляць палітвязьняў? Чаму Коўл не хавае ад Лукашэнкі кантактаў зь Ціханоўскай? Што ЗША могуць прапанаваў уладам у Менску за вызваленьне палітвязьняў? У пятніцу ў «ПіКу Свабоды» абмяркоўвалі гэта з палітолягам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
— Гэты тыдзень прайшоў у чаканьні магчымага прыезду ў Менск спэцпасланьніка ЗША ў справах Беларусі Джона Коўла і новага вызваленьня палітвязьняў. Што цяпер можа адбывацца ў непублічнай камунікацыі паміж Менскам і Вашынгтонам?
— Мне падаецца, што візыт Фрэнкліна Грэма — гэта ўжо сыгнал таго, што працэс ідзе ў патрэбным кірунку і даволі пасьпяхова. Хутчэй за ўсё, будзе і візыт Коўла, і новае вызваленьне палітвязьняў. Гэта выглядае як чарговы крок у бок нармалізацыі адносінаў паміж Менскам і Вашынгтонам. Зараз, думаю, ідуць перамовы пра маштаб магчымай угоды. Пытаньне ўжо ня ў тым, ці будзе яна ўвогуле, а ў тым, якой яна будзе: колькі чалавек вызваліць беларускі бок і што атрымае ўзамен. Магчыма, адна з праблемаў — гэта транзыт беларускага калію праз Літву. І амэрыканцы, і Лукашэнка ў гэтым зацікаўленыя. Але пазыцыя Літвы і Эўразьвязу выглядае вельмі стрыманай, таму пакуль ня бачна, што тут хутка можа зьявіцца рашэньне. Магчыма, менавіта гэта і тармозіць вялікую дамоўленасьць, пра якую раней згадвалі і Трамп, і Лукашэнка, і Коўл. Але нейкая ўгода, усё ж будзе. Галоўнае пытаньне цяпер — колькі людзей выйдзе на волю і што атрымае Лукашэнка.
— Напярэдадні візыту ў Менск амэрыканскага пасланьніка былыя палітзьняволеныя Марына Золатава, Кацярына Андрэева, Наста Лойка, Ірына Слаўнікава ды іншыя публікуюць відэазвароты з заклікамі вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі. Былы палітвязень Сяргей Спарыш папрасіў Джона Коўла дапамагчы выцягнуць з турмы 19-гадовую Аляксандру Пуліновіч, якую асудзілі на 10 гадоў турмы. Амэрыканскі дыпламат перапосціў зварот Спарыша на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, дадаўшы, што калі наступным разам паедзе ў Беларусь, уздыме пытаньне наконт Аляксандры Пуліновіч. Бачна, што Коўл вельмі добра інфармаваны пра сытуацыю з палітвязьнямі, і апэратыўна рэагуе на некаторыя звароты. Які патэнцыял такіх асабістых зваротаў да Джона Коўла?
— У мяне ёсьць уражаньне, што ён сапраўды па-чалавечы спачувае тым, хто знаходзіцца за кратамі, і хоча дапамагчы вызваліць як мага больш людзей. Але пры гэтым галоўная задача Злучаных Штатаў — ня толькі вызваленьне палітвязьняў, а ў цэлым нармалізацыя адносінаў з Менскам. Амэрыканцы, відаць, разглядаюць магчымасьць выкарыстоўваць рэсурс Лукашэнкі ў больш шырокім кантэксьце — напрыклад, у перамовах вакол Украіны ці ў расейскім напрамку. Безумоўна, для Коўла гэта таксама асабістае дасягненьне, калі яму ўдаецца дамагчыся вызваленьня канкрэтных людзей. Але апошняе слова ўсё роўна застаецца за Лукашэнкам. Менавіта ён вырашае, хто будзе ў сьпісе на вызваленьне, а хто — не.
— У сераду спэцпасланьнік Трампа пагутарыў зь Ціханоўскай. Коўл напісаў у сацсетцы Х пра «добрую размову» зь Ціханоўскай, што ён «падзякаваў ёй за нязьменную падтрымку намаганьняў ЗША ў Беларусі». Сьвятлана Ціханоўская таксама апублічыла факт размовы з Джонам Коўлам і намесьнікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Крысам Сьмітам. Ці такая публічнасьць не раззлуе Лукашэнку?
— Думаю, што адносіны паміж Менскам і Вашынгтонам ужо зайшлі на такі ўзровень, калі падобныя кантакты ня могуць сур’ёзна паўплываць на працэс. Калі раней уважліва сачылі за кожнай заявай і кожнай сустрэчай, то цяпер ужо відавочна, што абодва бакі зацікаўленыя ў збліжэньні. Амэрыканцы добра разумеюць, што Лукашэнка хоча і далей выбудоўваць адносіны са Злучанымі Штатамі. Таму Коўл можа адначасова кантактаваць і з афіцыйным Менскам, і з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Да таго ж для самога Коўла важна дэманстраваць сваю актыўнасьць як спэцпрадстаўніка: ён сустракаецца з Лукашэнкам, з дэмакратычнымі сіламі, з прадстаўнікамі суседніх дзяржаў, рэагуе на звароты былых палітвязьняў і актывістаў. Гэта і ёсьць яго праца.
— Што Злучаныя Штаты могуць прапанаваць Лукашэнку наўзамен на вызваленьне палітвязьняў і іншыя крокі насустрач?
— Лукашэнка, безумоўна, зацікаўлены ў адмене амэрыканскіх санкцый, у інвэстыцыях і ў эканамічных праектах, у тым ліку зьвязаных з калійнай індустрыяй. Але ёсьць і палітычны аспэкт. Для Лукашэнкі вельмі важная поўная нармалізацыя адносінаў з Вашынгтонам — аж да вяртаньня амбасадараў і сустрэчы з Дональдам Трампам. І амэрыканскі бок гэта добра разумее. Лукашэнка сам не хавае, што для яго такая сустрэча была б вельмі важнай. Візыт у ЗША, прыём у Белым доме ці нават сустрэча ў рэзыдэнцыі Трампа ў Флорыдзе былі б для яго сымбалям міжнароднага прызнаньня. Таму гэта таксама можа быць часткай вялікага перамоўнага працэсу. У гэтым кантэксьце візыт Фрэнкліна Грэма і пратэстанцкі фэстываль у Менску — гэта інвэстыцыя ў адносіны з адміністрацыяй Трампа. Думаю, што Лукашэнка наўрад ці атрымае нешта канкрэтнае менавіта за сам фэстываль. Грэм — чалавек уплывовы, і праз яго атачэньне можна выходзіць непасрэдна на амэрыканскую адміністрацыю. Таму для Лукашэнкі гэта хутчэй спосаб умацаваць кантакты з Вашынгтонам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вынікі тыдня з Фрыдманам: Грэм у Менску, місія Коўла і чаканьне вызваленьняў«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.