Аб адсутнасьці «рызыкі фармаваныя патэнцыялу» для распаўсюджваньня ў Беларусі хантавіруснай інфэкцыі заявіла 13 траўня Міністэрства аховы здароўя.
У заяве ведамства сьцьвярджаецца, што на тэрыторыі Эўропы і Азіі няма «арэалу распаўсюджваньня пераносчыка Andes virus — даўгахвостага рысавага хамячка».
Міністэрства паведаміла, што «трымае на кантролі разьвіцьцё сытуацыі, зьвязанай з сполахам хантавіруснай інфэкцыі на круізным лайнэры MV Hondius, які накіроўваўся з Аргентыны ў Каба-Вэрдэ».
Гэты від вірусу распаўсюджаны ў Паўднёвай, Цэнтральнай і Паўночнай Амэрыцы, асноўным пераносчыкам яго ёсьць даўгахвосты рысавы хамячок, які жыве ў Аргентыне і Чылі.
Хантавірусы — «група вірусаў, якія перадаюцца чалавеку ад грызуноў, галоўным чынам пры ўдыханьні часьцінак заражаных выдзяленьняў. Хантавірусная інфэкцыя можа прыводзіць да вострай дыхальнай няздатнасьці або паражэньня нырак, у тым ліку зь сьмяротным вынікам.
«Дзеля недапушчэньня завозу хантавірусу Andes на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у пунктах пропуску на дзяржаўнай мяжы ўзмоцнены санітарна-карантынны кантроль тых, хто прыбывае», — заявіла Міністэрства здароўя.
Карабель MV Hondius адплыў з Аргентыны ў пачатку красавіка, каб пачаць падарожжа цераз Атлянтыку. Паводле апошніх зьвестак, на ім было выяўлена восем пацьверджаных і меркаваных выпадкаў заражэньня хантавірусам, тры чалавекі памерлі — пара зь Нідэрляндаў і грамадзянін Нямеччыны.
Першым падазраваным пацыентам на караблі быў 70-гадовы галяндзец, які раптоўна захварэў — зь ліхаманкай, галаўным болем, болем у жываце і дыярэяй, паведаміла CNN Міністэрства аховы здароўя Паўднёвай Афрыкі. Ён памёр на борце 11 красавіка.
Што важна ведаць пра хантавірус
Усясьветная арганізацыя здароўя заявіла, што, хоць і чакае новых выпадкаў захворваньня, але не прадбачыць маштабнай эпідэміі, падобнай да Covid, і падкрэсьліла, што няма доказаў рызыкі шырокамаштабнай перадачы вірусу.
Цяперашні выбух інфэкцыі зьвязаны з штамам хантавірусу, які паходзіць з горнага рэгіёну Андаў у Паўднёвай Амэрыцы. Гэта рэдкі, але патэнцыйна вельмі небясьпечны вірус, які ў некаторых выпадках можа распаўсюджвацца паміж людзьмі пры шчыльным кантакце.
Пакуль незразумела, як адбыўся выбух. Але УАЗ мяркуе, што памерлая галяндзкая пара заразілася па-за караблём, магчыма, падчас агляду славутасьцяў Аргентыны перад тым, як далучыцца да круізу.
Гэтая пара «падарожнічала праз Аргентыну, Чылі і Ўругвай у паездцы назіральнікаў за птушкамі, якая ўключала наведваньне месцаў, дзе былі віды пацукоў, вядомыя як носьбіты вірусу», — сказаў кіраўнік САЗ Тэдрас Гебрэесус журналістам у чацьвер.
Інкубацыйны пэрыяд хантавірусу — звычайна ад аднаго да шасці тыдняў да праявы сымптомаў. У паведамленні ў сацыяльных сетках УАЗ заявіла, што «супрацоўнічае з адпаведнымі краінамі для падтрымкі міжнароднага адсочвання кантактаў, каб забяспечыць маніторынг патэнцыйна ўзьніклых кантактаў і абмежаваньне далейшага распаўсюджваньня хваробы».
У канцы красавіка на аддаленым паўднёваатлянтычным востраве Сьвятой Алены высадзіліся як мінімум 30 пасажыраў гэтага карабля, а на гэтым тыдні некалькі чалавек у крытычным стане былі эвакуаваныя ў Эўропу.
Вось сьпіс краінаў, дзе пасажыры круізнага лайнэра, якія раней пакінулі карабель, альбо праходзяць лячэньне ад хантавірусу, альбо знаходзяцца пад наглядам на выпадак магчымага заражэньня:
- Нідэрлянды
- Паўднёвая Афрыка
- Швайцарыя
- Вялікая Брытанія
- ЗША
- Сынгапур.