Усё пачалося 4 траўня, калі Ерэван правёў маштабны эўрасаміт, на які прыехалі лідэры краін Эўразьвязу і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. На ім прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян заявіў аб імкненьні ўмацаваць сувязі з Эўразьвязам, а потым сказаў, што «будзе шчасьлівы, калі яго краіну прымуць у ЭЗ», паведаміў тэлеканал «Настоящее время».
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна пасьля саміту ў Ерэване заявіў, што Крэмль хацеў бы тлумачэньняў ад уладаў Армэніі, і назваў «ненармальным» тое, што краіна дала Зяленскаму «пляцоўку для абсалютна антырасейскіх выказваньняў». Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава таксама абвінаваціла Армэнію ў «дзеяньнях супраць Расеі» і пагражала Ерэвану «сурʼёзным ускладненьнем» двухбаковых дачыненьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Ерэване праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, на яго запрасілі ЦіханоўскуюПасьля гэтых словаў Пяскова і Захаравай прэмʼер Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што не паедзе ў Астану на саміт створанага Расеяй Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Пашыньян спаслаўся на занятасьць праз блізкія выбары ў парлямэнт Армэніі і сказаў, што на саміт замест яго паедзе віцэ-прэмʼер Мгер Грыгар’ян.
Празь некалькі дзён пагрозы Пяскова і Захарава ў адрас Армэніі разьвіў ужо асабіста Уладзімір Пуцін. На прэсавай канфэрэнцыі пасьля параду ў Маскве 9 траўня ён заявіў, што пытаньне ўступу Армэніі ў Эўразьвяз і выхаду з ЭАЭС нібыта павінна вырашацца на ўсеармянскім рэфэрэндуме, які ён заклікаў Ерэван правесьці як мага хутчэй. Таксама Пуцін з намёкам заклікаў Армэнію «не даводзіць да крайнасьці» і не ісьці па шляху Ўкраіны: Расея анэксавала Крым, пачала гібрыдны канфлікт на Данбасе, а затым і поўнамаштабную вайну пасьля таго, як Кіеў заявіў аб падобным намеры ісьці па шляху эўраінтэграцыі.
«Усё гэта прывяло потым да дзяржаўнага перавароту, да крымскай гісторыі, да пазыцыі паўднёвага ўсходу Украіны і баявых дзеяньняў. Вось да чаго гэта ўсё прывяло. Гэта сурʼёзнае пытаньне! Таму ня трэба даводзіць да крайнасьці, трэба своечасова проста сказаць, што мы будзем рабіць так і так. І армянскаму боку трэба палічыць, і нам палічыць», — сказаў Пуцін.
Пашыньян пасьля гэтых заяваў заўважыў: «Рэфэрэндум мы правядзем тады, калі будзе абʼектыўная неабходнасьць», а міждзяржаўныя адносіны паміж краінамі, у тым ліку з Расеяй, ня трэба блытаць са шлюбам.
Віцэ-старшыня партыі «Ў імя Рэспублікі», палітоляг Рубэн Мэграб’ян у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» назваў гэтую заяву Пуціна «прафэсійнаю спробаю апэратыўнай дзейнасьці з боку былога кадэбіста»
«Нават не былога, а дзейнага. Былых кадэбістаў не бывае. [...] Гэтыя словы — увогуле інструкцыя Пуціна сваім проксі ў Армэніі, сілам, якія, на жаль, зьяўляюцца часткай выбарчага працэсу ў Армэніі і якія трансьлююць расейскі пункт гледжаньня і расейскую палітыку ўнутры Армэніі. У гібрыднай вайне, якую Расея разьвязала супраць Армэніі, яны знаходзяцца на супрацьлеглым баку і страляюць супраць Рэспублікі Армэнія», — сказаў Рубэн Мэграб’ян.
Паводле яго, Пашыньян спрабуе ўнікнуць наўпроставага сутыкненьня з Пуціным, бо разумее, што цяпер лабавы канфлікт з Расеяй будзе небясьпечны для Армэніі.
«Але ў яго ёсьць яшчэ і разуменьне, што хоць быць ворагам Расеі небясьпечна, быць яе сябрам — яшчэ небясьпечней. Бо Расея — гэта субʼект, які разьядае знутры. Яна аказвае злаякасны ўплыў, які фактычна стаў яшчэ больш злаякасным паралельна з мутацыяй пуцінскага рэжыму і звырадненьнем яго ў практычна фашысцкі рэжым», — мяркуе армянскі палітоляг.