Праграму сваёй палітычнай партыі «Грамадзянская дамова» Нікол Пашыньян выклаў у дзьвюх відэа на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Палітык нагадаў, што ён раней замарозіў удзел Армэніі ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), а цяпер заявіў, што аднаўляць удзелу ў аб’яднаньні ягоная партыя не плянуе.
У лютым 2024 году Армэнія замарозіла сяброўства ў АДКБ. Рашэньне тлумачылася тым, што хаўрусьнікі — сярод якіх Расея і Беларусь — не выконваюць абавязаньняў і не прызнаюць сваёй зоны адказнасьці. Размова ішла ў тым ліку аб «адсутнасьці рэакцыі» АДКБ на падзеі восені 2022 году, калі азэрбайджанскія войскі ўвайшлі ў армянскі горад Джармук. Наступнай нагодай сталі падзеі восені 2023 году, калі ў выніку ваеннай апэрацыі Азэрбайджан атрымаў поўны кантроль над Нагорным Карабахам.
З нагоды армянскай палітыкі адносна АДКБ кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка нават павышаў голас на Пашыньяна. Кіраўнік армянскага ўраду наўпрост вінаваціў Менск, які разам з Масквой стаў не на бок хаўрусьніка ў АДКБ, а на бок Азэрбайджану.
Пазьней Пашыньян нават назваў АДКБ «пагрозай нацыянальнай бясьпецы». Армянскае МЗС сьцьвярджала, што канчатковае рашэньне аб сяброўстве ў АДКБ прымуць, калі партнэры, уключаючы Расею, ня зробяць палітычных заяваў адносна дзеяньняў Азэрбайджану на тэрыторыі Армэніі.
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін тады гаварыў, што ўмяшаньне АДКБ у гэты канфлікт было б некарэктным зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Пры гэтым паводле АДКБ дзяржавы-сяброўкі абавязуюцца бараніць адна адну ў выпадку збройнага нападу. Азэрбайджан у АДКБ не ўваходзіць.
На тле замарожваньня армянскага ўдзелу ў АДКБ афіцыйны Ерэван істотна выправіў свае адносіны з Азэрбайджанам. Краіны ўсталявалі дыпляматычныя адносіны і ўжо супрацоўнічаюць у эканамічнай галіне, пра што нядаўна Пашыньян гаварыў на сустрэчы з галоўнымі прадпрымальнікамі Армэніі.
Сярод іншых тэмаў выступленьня Пашыньяна была й тэма новай Канстытуцыі краіны. Прэм’ер-міністар заявіў, што «Грамадзянская дамова» працуе над праектам новага Галоўнага закону Армэніі.
«Чаму прыняцьце новай Канстытуцыі важнае для нас? Бо ў нашых адносінах паміж дзяржавай і грамадзянінам існуе пэўная напружанасьць, і адна з прычын гэтай напружанасьці ў адсутнасьці ў грамадзян Рэспублікі Армэнія разуменьня таго, што прававая сыстэма, створаная ў дзяржаве, створаная імі самымі. Мала таго, што такога разуменьня няма, дык яшчэ і няма такой рэчаіснасьці, бо вынікі ўсіх канстытуцыйных рэфэрэндумаў у Армэніі заўсёды падлягалі сумневу.
Я і раней, як журналіст, асьвятляў канстытуцыйныя рэфэрэндумы, і мы былі сьведкамі ўсіх канстытуцыйных рэфэрэндумаў у час палітычных працэсаў, і заўсёды гэтае адчуваньне фальсыфікацыі вынікаў стварае напружанасьць і разрыў паміж грамадзянінам і прававой сыстэмай. І для нас вельмі важна наяўнасьць арганічнай сувязі паміж грамадзянінам і прававой сыстэмай, а ўсталяваньне гэтай арганічнай сувязі — гэта прыняцьце Канстытуцыі шляхам рэфэрэндуму», — сказаў Пашыньян.
Выбары ў парлямэнт Армэніі чакаюцца 7 чэрвеня.
Сярод партый, якія зарэгістраваліся дзеля ўдзелу ў іх — «Армянскі альянс» пад кіраўніцтвам былога прэзыдэнта і прэм’ера краіны Робэрта Качар’яна, «Армянскі нацыянальны кангрэс» — партыя былога прэзыдэнта Лявона Тэр-Пэтрас’яна, «Армянская рэвалюцыйная фэдэрацыя/фракцыя „Аястан“» Ішхана Сагатэльяна, «Сьветлая Армэнія» пад кіраўніцтвам Эдмона Марук’яна, «Грамадзянская дамова» на чале зь дзейным прэм’ер-міністрам Ніколам Пашыньянам, «Квітней, Армэнія» з кіраўніком Гагікам Царук’янам, «Моцная Армэнія» пад кіраўніцтвам Самвэла Карапет’яна.
Форум