Ва Ўкраіне пасьля начных абстрэлаў дзясяткі параненых і загінулых. У 4 рэгіёнах Расеі заявілі аб украінскіх ударах

Наступствы расейскага ўдару па Крывым Рагу Днепрапятроўскай вобласьці 12 траўня 2025 году. Тут загінулі сталыя жанчына і мужчына, а іхная 9-месячная ўнучка атрымала цяжкія раненьні

У ноч на 13 траўня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 139 ударнымі дронамі. Сродкі супрацьпаветранай абароны нэўтралізавалі 111 бесьпілётнікаў.

Расейскія войскі дагэтуль працягваюць запускі дронаў. 20 зь іх пацэлілі па 13 лякацыях. Найбольш ахвяраў — у Днепрапятроўскай вобласьці.

Рэгіянальныя ўлады ў Расеі паведамілі аб пацэльваньні ўкраінскіх дронаў па тэрыторыі некалькіх прадпрыемстваў.

Ад расейскіх дронаў пацярпела гуманітарная місія ААН на Днепрапятроўшчыне

Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што ў выніку начных абстрэлаў загінулі 8 чалавек і 11 атрымалі раненьні. Пашкоджаныя дзясяткі прыватных дамоў, прадпрыемства, газаправод.

У Марганцы расейскія войскі атакавалі ратаўнікоў, якія прыехалі ліквідаваць наступствы папярэдняга абстрэлу. У выніку пашкоджаны пажарна-ратавальны аўтамабіль. Адмыслоўцы не пацярпелі.

Ад удару ў гэтым рэгіёне Ўкраіны пацярпеў канвой харчовай місіі ААН. Адзін з кіроўцаў атрымаў раненьні. Грузавікі былі пазначаныя надпісам «ААН», але гэта не гарантавала ім бясьпекі.

У Херсоне раненьні атрымалі 7 чалавек, а ў Сумскай — два, падлеткі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што раніцай у паветры заставалася яшчэ больш за сотню расейскіх дронаў. Ён папярэдзіў, што ўвесь дзень гэтыя атакі могуць працягвацца.

«Учора пад ударам былі 14 вобласьцяў. Сёньня білі па жыльлёвай і чыгуначнай інфраструктуры на Днепрапятроўшчыне і Харкаўшчыне, партовай інфраструктуры Адэсы, энэргетыцы на Палтаўшчыне», — заявіў Зяленскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новы ўдар Расеі па Кіеве, Дніпры і Херсоне. У Пермі пажар на нафтавай станцыі патушылі на 12-ы дзень

Улады чатырох рэгіёнаў Расеі заявілі аб украінскіх ударах

У Краснадарскім краі дрон пацэліў па тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў і выклікаў пажар. У яго тушэньне залучылі амаль 100 чалавек і 29 адзінак тэхнікі. Назву прадпрыемства не ўдакладнілі. Украінскія маніторынгавыя каналы сьцьвярджаюць, што пацярпела нафтабаза ў порце Тамань. Пацярпеў адзін чалавек.

У Яраслаўлі аскепкі зьбітага дрону ўпалі на прамысловы аб’ект. Наступствы гэтага інцыдэнту не ўдакладнілі.

У Маскве праз дроны спынялі працу трох аэрапортаў — Унукава, Дамадзедава і Шарамецьева. На месцы падзеньня бесьпілётнікаў працуюць надзвычайныя службы.

У Астраханскай вобласьці таксама пасьля падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў пачаўся пажар на газаперапрацоўчым заводзе. Улады сьцьвярджаюць, што пагрозы забруджваньня паветра няма.

Ва Ўкраіне гэтых удараў пакуль не камэнтавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны пацэлілі ў нафтаперапрацоўчы і абаронны заводы ў Расеі. Расея атакавала Палтаву, Харкаў, Запарожжа