Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся з спазьненьнем, галасаваньне хочуць працягнуць

Алена Прыходзька, старшыня камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду. Архіўнае фота

У Каардынацыйнай радзе паведамілі аб старце галасаваньня, якое адклалі праз магутныя DDoS-атакі на сэрвісы і для дадатковай праверкі кампаніі Sumsub, абранай у якасьці вэрыфікатара пэрсанальных зьвестак выбарнікаў.

«На дадзены момант плятформа для галасаваньня цалкам пратэставаная, гатовая і бясьпечная. Яна здольная працаваць ва ўмовах пэрманэнтнага DDoS-ціску, які працягваецца і зараз», — заявіла старшыня камісіі Алена Прыходзька.

У Каардынацыйнай радзе адзначылі, што перанос галасаваньня быў неабходны для ўзмацненьня бясьпекі — з пачатку траўня плятформа «Тры сланы» знаходзіцца пад беспрэцэдэнтнай атакай.

Каманда Паўла Лібера тэрмінова зьмяніла сэрвэры апрацоўкі інфармацыі з воблачных на фізычныя. Гэта запатрабавала поўнай пераправеркі архітэктуры.

Праз тэхнічную затрымку Выбарчая камісія будзе рэкамэндаваць Каардынацыйнай радзе прадоўжыць тэрміны галасаваньня, каб кожны беларус пасьпеў зрабіць свой выбар.

У Telegram-канале Каардынацыйнай рады таксама апублікавалі інструкцыю, як прагаласаваць праз мабільную аплікацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лібер: Мы ўпэўненыя ў кампаніі — вэрыфікатары дадзеных на выбарах у Каардынацыйную раду

Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?

Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 году кампанія пасьля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі даных некаторых карыстальнікаў.

Што на гэта адказалі арганізатары?

Павел Лібер гэтак пракамэнтаваў асноўныя прэтэнзіі да правайдэра:

  • Статус кампаніі: Sumsub — ня нішавы гулец, а сусьветны лідэр, што два гады запар пацьвярджае аўтарытэтнае агенцтва Gartner. Сярод 4000 кліентаў сэрвісу — такія гіганты, як Vodafone, Duolingo і TransferGo.
  • Бясьпека даных: Кампанія мае найвышэйшыя сэртыфікаты стандартаў бясьпекі і працуе паводле эўрапейскіх патрабаваньняў GDPR. Усе даныя захоўваюцца на сэрвэрах у Нямеччыне. Sumsub таксама супрацоўнічае з Інтэрпалам у пытаньнях дасьледаваньняў і трэнінгаў.
  • Інцыдэнты з выцекам інфармацыі: У кампаніі былі два інцыдэнты, зьвязаныя з выцекам даных, якія яна самастойна і наўмысна апублічыла. Першы выпадак тычыўся толькі службы падтрымкі партнэраў і не закрануў біямэтрыю ці пашпарты. Другі быў выкліканы памылкай самога партнэра, які выклаў ключ доступу ў публічную прастору, што не зьяўляецца хібай сыстэмы Sumsub.
  • Паходжаньне ўласьнікаў: Заснавальнікі кампаніі нарадзіліся ў Расеі і маюць ізраільскія пашпарты. Яны не жывуць у РФ больш за 7 гадоў і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны цалкам адмовіліся ад выкарыстаньня расійскага і беларускага софту.


Што такое Каардынацыйная рада?

У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 асобаў. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латушка: Калі мы распусьцім Каардынацыйную раду, генэралы ў Менску будуць сьвяткаваць новыя званьні