Выбары ў КР троху перасунулі. Будуць дадаткова правяраць бясьпеку

Выбарчая камісія, якая кантралюе галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду, пасьля экстранага паседжаньня адклала пачатак галасаваньня.

Цяпер выбары маюць пачацца 11 траўня толькі а 22-й гадзіне паводле менскага часу і працягвацца тыдзень. Паводле камісіі, перанос быў патрэбны, каб завяршыць тэхнічны прагон і «гарантаваць бездакорную працу сыстэмы».

Беларусам для ўдзелу трэба прайсці вэрыфікацыю: сфатаграфавацца і прыкласьці свой пашпарт. Гэтыя зьвесткі паступяць падрадчыку, кампаніі Sumsub.

Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?

Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 году кампанія пасьля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі даных некаторых карыстальнікаў.

Што на гэта адказалі арганізатары?

Павел Лібер гэтак пракамэнтаваў асноўныя прэтэнзіі да правайдэра:

  • Статус кампаніі: Sumsub — ня нішавы гулец, а сусьветны лідэр, што два гады запар пацьвярджае аўтарытэтнае агенцтва Gartner. Сярод 4000 кліентаў сэрвісу — такія гіганты, як Vodafone, Duolingo і TransferGo.
  • Бясьпека даных: Кампанія мае найвышэйшыя сэртыфікаты стандартаў бясьпекі і працуе паводле эўрапейскіх патрабаваньняў GDPR. Усе даныя захоўваюцца на сэрвэрах у Нямеччыне. Sumsub таксама супрацоўнічае з Інтэрпалам у пытаньнях дасьледаваньняў і трэнінгаў.
  • Інцыдэнты з выцекам інфармацыі: У кампаніі былі два інцыдэнты, зьвязаныя з выцекам даных, якія яна самастойна і наўмысна апублічыла. Першы выпадак тычыўся толькі службы падтрымкі партнэраў і не закрануў біямэтрыю ці пашпарты. Другі быў выкліканы памылкай самога партнэра, які выклаў ключ доступу ў публічную прастору, што не зьяўляецца хібай сыстэмы Sumsub.
  • Паходжаньне ўласьнікаў: Заснавальнікі кампаніі нарадзіліся ў Расеі і маюць ізраільскія пашпарты. Яны не жывуць у РФ больш за 7 гадоў і пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны цалкам адмовіліся ад выкарыстаньня расійскага і беларускага софту.

Што такое Каардынацыйная рада?

У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 асобаў. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто можа сфальсыфікаваць вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і куды трапляюць пашпартныя дадзеныя тых, хто прагаласаваў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навошта патрэбная Каардынацыйная рада. Расказваем пра яе напярэдадні чарговых выбараў