Камісія па выбарах у КР зьбярэцца на экстранае паседжаньне, каб адказаць на пытаньні пра кампанію для праверкі пашпартоў

Распрацоўнік сыстэмы галасаваньня на выбарах у Каардынацыйную раду Павал Лібер, архіўнае фота

Выбарчая камісія, якая кантралюе галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду, зьбярэцца сёньня ўвечары на экстранае паседжаньне, каб абмеркаваць сытуацыю з кампаніяй Sumsub, абранай падрадчыкам для праверкі пашпартоў на выбарах.

Будуць абмяркоўваць і магчымасьць адкласьці галасаваньне зь меркаваньняў бясьпекі. Выбары ў Каардынацыйную раду маюць пачацца заўтра, 11 траўня, і працягвацца тыдзень. Беларусам для ўдзелу трэба прайсці вэрыфікацыю: сфатаграфавацца і прыкласьці свой пашпарт. Гэтыя зьвесткі паступяць падрадчыку, кампаніі Sumsub.

Якія пытаньні ўзьніклі наконт бясьпекі ўдзельнікаў галасаваньня?

Выданьне «Наша Ніва» зьвярнулася да распрацоўніка сыстэмы галасаваньня Паўла Лібера з пытаньнямі, бо высьветлілася, што заснавальнікі Sumsub вучыліся ў Расеі і тамсама знаходзіліся офісы распрацоўкі Sumsub.

Апроч гэтага, паводле «Нашай Нівы», у пачатку 2026 года кампанія пасьля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць, што амаль паўтара году — з 2024 году — у яе сыстэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампрамэтацыі даных некаторых карыстальнікаў.

Што такое Каардынацыйная рада?

У Каардынацыйную раду праз онлайн-галасаваньне абіраюць 80 асобаў. КР мае выконваць функцыі альтэрнатыўнага беларускага парлямэнту. Створаны ў 2020 годзе орган павінен быў дапамагчы Лукашэнку перадаць уладу апазыцыі. Цяпер у ім не засталося ніводнага чалавека, які жыве ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хто можа сфальсыфікаваць вынікі выбараў у Каардынацыйную раду і куды трапляюць пашпартныя дадзеныя тых, хто прагаласаваў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навошта патрэбная Каардынацыйная рада. Расказваем пра яе напярэдадні чарговых выбараў