У паведамленьні гаворыцца, што канцэнтрацыя цэзію-137 у атмасфэрных пробах непадалёк ад пажару перавышае кантрольныя ўзроўні, устаноўленыя для гэтых тэрыторый, але застаецца значна ніжэйшай за гранічна дапушчальныя ўзроўні.
Ці ёсьць пагроза людзям па-за зонай адчужэньня?
Інспэкцыя заявіла, што эквівалентная доза гама-выпраменьваньня цяпер знаходзіцца «ў межах дыяпазону доўгатэрміновых назіраньняў» у зоне адчужэньня і ў межах дыяпазону фонавых ваганьняў на ўсёй астатняй тэрыторыі Ўкраіны.
Паводле прагнозу, перавышэньня дапушчальнай канцэнтрацыі цэзію-137 па-за межамі Чарнобыльскай зоны адчужэньня не чакаецца, паведамілі ў ведамстве.
У зоне адчужэньня ў Кіеўскай вобласьці сотні ратавальнікаў дагэтуль спрабуюць стрымаць маштабны лясны пажар. Як паведаміла выданьне «Флагшток», калі ў Хойніцкім, Брагінскім і Лоеўскім раёнах напярэдадні 9 траўня праводзіліся шматлікія масавыя мерапрыемствы ў гонар Дня перамогі, у паветры адчуваўся пах гары, была бачная дымка.