Лукашэнка заклікаў вярнуць парэшткі савецкіх салдат з Эўропы, упікнуўшы Літву. Разабраліся, што яго разгнявіла і ці былі на тое падставы

Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на Дні Перамогі ў Менску

Падчас вечаровай прамовы на плошчы Перамогі ў Менску Аляксандар Лукашэнка заклікаў вярнуць «дадому» парэшткі пахаваных у Эўропе савецкіх салдат. А таксама назваў ворагамі тых, «хто проста цяпер прыбірае парэшткі савецкіх салдат зь літоўскіх Шаўляў». Тлумачым, што там адбываецца.

«Наш вораг — рэваншысты, прамыя і ідэйныя нашчадкі эсэсаўцаў, бандэраўцаў і лясных братоў. Тыя, хто проста цяпер прыбірае парэшткі савецкіх салдат зь літоўскіх Шаўляў і называе подзьвіг савецкага народу мітам», — заявіў Лукашэнка.

«Тыя, хто мэтадычна выкрэсьлівае перамогу Чырвонай арміі з гісторыі Другой сусьветнай вайны і не пускае нас да месцаў пахаваньняў дзядоў і прадзедаў. Да помнікаў, якія яшчэ засталіся цэлымі.

Але мы памятаем. Памятаем і шануем вызваліцеляў роднай зямлі. Сёньня і будзем памятаць заўсёды.

Усе кветкі і вянкі ўскладзеныя намі і ў памяць пра тых, хто застаўся ляжаць там, на чужыне, аддаўшы сваё жыцьцё за жыцьцё народаў Эўропы. Іх трэба вярнуць дадому», — заклікаў Лукашэнка.

Ці прыбралі парэшткі савецкіх салдат з Шаўляў

Сёлета вясной у Шаўлях археолягі сапраўды правялі эксгумацыю 48 савецкіх салдат. Пахаваньне месьцілася ў самым цэнтры гораду ўсутыч да катэдральнага сабору Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

Паводле Камісіі па дэсаветызацыі, гэтае пахаваньне для загінулых салдат ужо было ня першым — іхныя парэшткі перанесьлі сюды дзеля ідэалягічных мэтаў.

Пры гэтым магілы капалі на месцы былога склепа. І там, дзе заміналі падмуркі, салдат паклалі ў неглыбокія яміны, высьветлілі археолягі падчас эксгумацыі, пісала LRT.

Цяпер навукоўцы праводзяць дасьледаваньні, каб аддзяліць парэшткі розных людзей, пахаваных у адной магіле, вызначыць пол, век, траўмы.

Пасьля гэтага парэшткі пахаваюць на існых вайсковых могілках за 4 км ад цяперашняга месца. Там знайшлі спачын больш як трыста невядомых савецкіх салдат. Тэрытарыяльна гэта ўсё яшчэ Шаўлі.

Закон пра забарону прапаганды таталітарных рэжымаў дзейнічае ў Літве ўжо тры гады. Паводле яго, з публічных месцаў прыбіраюць сымбалі таталітарызму — помнікі, назвы вуліц, плошчаў ды іншыя аб’екты.

У 2024 годзе Камісія па дэсаветызацыі пастанавіла, што такім аб’ектам ёсьць і пахаваньне савецкіх вайскоўцаў у цэнтры Шаўляў.

Сёлета 30 красавіка МЗС Расеі заявіла рашучы пратэст з нагоды эксгумацыі.

МЗС Літвы адказала, што «парэшткі савецкіх вайскоўцаў зь месца другаснага пахаваньня ў цэнтры Шаўляў будуць перанесеныя і з пашанай пахаваныя на гарадзкіх вайсковых могілках пры строгім выкананьні Жэнеўскіх канвэнцыяў 1949 году і іншых міжнародных і літоўскіх прававых актаў», перадае LRT.

Там нагадалі, што праз нацысцкую і савецкую акупацыі сотні тысяч жыхароў Літвы загінулі, былі дэпартаваныя або вымушаныя зьехаць за мяжу.

«Савецкі Саюз — акупант, а не вызваліцель, колькі б афіцыйная Масква ні спрабавала сьцьвярджаць адваротнае», — адзначылі ў літоўскім міністэрстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Быкаў 25 гадоў таму: «Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды»