Развагі пісьменьніка з нагоды Дня Перамогі ўпершыню прагучалі на «Свабодзе» 25 гадоў таму — 9 траўня 2001 году. І з таго часу сталі яшчэ больш злабадзённымі.
Васіль Быкаў, травень 2001 году. «Існуе думка, што фэнамэнальнае, узьнёслае стаўленьне старэйшай часткі грамадзтва да мінулай вайны вызначаецца тым, што ў нашым жыцьці гэтая перамога сталася подзьвігам.
Пазьней не было нічога болей справядлівага, высокага па ідэі і выразнага па выніку, чым можна было б задаволіцца, ня тое што ганарыцца. Што б не было ўрэшце так абясцэнена, зьняважана, дыскрэдытавана людзьмі або часам — хоць пяцігодкі, хоць барацьба за мір, хоць шалёная ядзерная гонка ці той жа космас, усё ў нашай гісторыі блеф, калі не злачынства. Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў ХХ стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам.
Але ўзьнікаюць сумненьні і ў перамозе — найперш у яе імпэратыўнай адназначнасьці. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва — мы ведаем. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёю мы набылі? Усё ж кожная перамога павінная ня толькі ўзяць, але і даць. Краіны пераможаныя — Нямеччына, Італія, Японія — стрывалі паразу і менавіта праз тое атрымалі магчымасьць для небывалага росквіту эканомікі, свабоды і дэмакратыі.
А мы, пераможцы, дагэтуль ня можам дамагчыся элемэнтарнай свабоды, ня можам накарміць сябе. Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды. Але без свабоды чаго вартая кожная бліскучая перамога кожнага грамадзтва?
А што да расейцаў, дык тыя і дагэтуль ня могуць перастаць ваяваць. І за якія ідэалы? За звыродлівыя, спарахнелыя імпэрскія ідэалы, як і сто, і тысячу гадоў таму.
У пераможнай эўфарыі зашмат ад эмоцыяў і дужа мала ад розуму. Бо разумны, рацыянальны падыход да вайны ня выгадны рэжымам, якія і тую даўнюю, вялікую перамогу прызвычаіліся выкарыстоўваць ва ўласных інтарэсах — інтарэсах антычалавечых і антыдэмакратычных. Тое ім удаецца выдатна: хоць у Расеі, хоць у Беларусі. Як доўга тое будзе адбывацца, хто ведае».
Наступны запіс быў адной з апошніх перадачаў Васіля Быкава на «Свабодзе». Яна прагучала 7 траўня 2003 году, за два дні да гадавіны Перамогі і за 46 дзён да сьмерці пісьменьніка.
Васіль Быкаў, травень 2003 году. «Я лічу, што перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. Але гэтае адбіраньне адбылося адразу пасьля перамогі. І адабраў яе ні хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў — „вялікі“ Сталін.
Кожныя пераможцы разьлічваюць нешта здабыць у выніку перамогі, асабліва пасьля такой крывавай вайны, і гэта было правільна, заканамерна. Але што ў выніку яны атрымалі — што атрымалі народы Савецкага Саюзу? Зноў жа тую камуністычную кабалу, тую заняволенасьць і галечу, у той час як народы Эўропы — і пераможцы, і пераможаныя, дарэчы — сапраўды скарысталіся гэтай перамогай. У тым ліку і нашай перамогай.
Зноў жа, з ініцыятывы Злучаных Штатаў Амэрыкі быў вылучаны плян Маршала, які ўзьняў Эўропу з руінаў, з гэтых самых папялішчаў, які ўдыхнуў жыцьцё, і якому, па сутнасьці, Эўропа абавязаная і дасюль. Але ж Сталін адмовіўся ад гэтага пляну. Ён як вайну, так і перамогу, так і пасьляваеннае аднаўленьне, адбудову зноў жа ўзваліў на плечы свайго народу. І гэтым увергнуў яго ў неймаверную шматгадовую галечу.
Апроч таго, яшчэ ў выніку нашай гэтай перамогі былі заняволеныя краіны так званай „народнай дэмакратыі“, усходнеэўрапейскія краіны. І гэтая нашая перамога яшчэ на паўстагодзьдзя затрымала іх натуральнае гістарычнае разьвіцьцё ў кірунку прагрэсу. З гэтага правалу яны яшчэ дагэтуль ня могуць выбрацца, мы гэта бачым на прыкладзе нашай Усходняй Эўропы.
Але яны робяць спробы, усё ж даволі пасьпяховыя, ізноў жа пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці — Эўропы і найперш Амэрыкі. А Беларусь стаіць убаку».
Быкаў на Свабодзе: чытайце і слухайце
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў (1924–2003) стаяў у першых шэрагах дэмакратычнага руху за нацыянальнае адраджэньне ў Беларусі. Ён удзельнічаў у стварэньні Беларускага народнага фронту (1988) і Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (1990), Беларускага Хэльсынскага камітэту (1995) і Беларускага ПЭН-цэнтру (1995). Пасьлядоўны крытык Аляксандра Лукашэнкі, Быкаў стаў сымбалем змаганьня зь ягоным аўтарытарным рэжымам. У 1995-м, пасьля гвалтоўнага разгону галадоўкі апазыцыйных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, ён заявіў аб «прэлюдыі фашыстоўскага перавароту», прадказаўшы, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта».
Васіля Быкава, якога многія беларусы лічылі «сумленьнем нацыі», прыбралі зь дзяржаўных выданьняў, ягоныя кнігі перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Пісьменьніка, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры, прапагандысты шальмавалі, вымусіўшы ехаць у эміграцыю. На Беларусь ён вярнуўся цяжка хворым, усяго за месяц да сьмерці. Пахаваньне Быкава ператварылася ў шматтысячны жалобны мітынг праз цэнтар Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Апошнія 15 гадоў свайго жыцьця Радыё Свабода стала ці не асноўным каналам звароту Быкава да свайго народу. Нашыя слухачы першыя знаёміліся зь яго новымі творамі, а таксама думкамі, ацэнкамі і прагнозамі.
«Быкаў на Свабодзе» (2005): чытаць кнігу (PDF)
Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг., лісты, малюнкі, фота і ўспаміны. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы».
«Быкаў на Свабодзе» (2004): слухаць аўдыёдыск
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода
«Доўгая дарога дадому» (2010): слухаць аўдыёкнігу
Кніга мэмуараў народнага пісьменьніка Беларусі гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.
Форум