У Крамлі 9 траўня заявілі, што Злучаныя Штаты Амэрыкі сьпяшаюцца ў пытаньні дасягненьня мірнай дамовы ў вайне Расеі супраць Украіны, але да дамоўленасьці яшчэ «вельмі доўгі шлях».
«Зразумела, што амэрыканскі бок хоча хуткага выніку, амэрыканскі бок сьпяшаецца. Але гэта занадта складаная тэма — украінскае ўрэгуляваньне, і дасягненьне мірнай дамовы. Гэта вельмі доўгі шлях з складанымі дэталямі», — сказаў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Трамп: перамір’е паміж Расеяй і Ўкраінай будзе 9—11 траўня, пройдзе абмен 2000 палонныхСловы Пяскова сталі прызнаньнем на вышэйшым узроўні тупіка ў перамовах
Перамовы пра завяршэньне расейска-ўкраінскай вайны, якія праводзяцца пры пасярэдніцтве ЗША, стаяць на паўзе з канца лютага. Прычынай гэтага стала сытуацыя на Блізкім Усходзе, бо амэрыканскія перамоўнікі Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнэр цяпер занятыя ўрэгуляваньнем супрацьстаяньня Злучаных Штатаў з Іранам.
Да паўзы ў перамовах бакам удалося дасягнуць згоды наконт тэхнічных пытаньняў. Галоўнай нявырашанай праблемай застаецца статус Данбасу. Расея патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з Данецкай вобласьці. Украіна настойвае на спыненьні баёў на фактычнай лініі фронту.
7 траўня памочнік Уладзіміра Пуціна Юры Ўшакоў заявіў, што Расея ня бачыць сэнсу ў новым раўндзе трохбаковых перамоваў з удзелам Масквы, Кіева і Вашынгтону наконт завяршэньня вайны да таго часу, пакуль Украіна ня выведзе войскі з Данбасу.
8 траўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Злучаныя Штаты гатовыя і надалей быць пасярэднікам для спыненьня вайны Расеі ва Ўкраіне, калі гэта будзе прадуктыўна. Разам з тым, ён сказаў, што цяперашнія дыпляматычныя намаганьні «зайшлі ў тупік». Вашынгтон ня хоча марнаваць час, калі ягоныя высілкі ня будуць рухаць перамовы наперад, — сказаў ён у адказ на пытаньне Радыё Свабода.
У той жа дзень прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што была дасягнутая згода аб трохдзённым перамір’і паміж Расеяй і Ўкраінай і абмене палоннымі ў фармаце 1000 на 1000. Паводле Трампа, з просьбай аб перамір’і зьвярнуўся менавіта ён, і прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі пагадзіліся. У Кіеве і Маскве пацьвердзілі дамоўленасьці.
«Спадзяюся, гэта пачатак канца вельмі доўгай, сьмяротнай і цяжкай вайны. Перамовы аб спыненьні гэтага маштабнага канфлікту, найбуйнейшага з часоў Другой сусьветнай вайны, працягваюцца, і мы становімся ўсё бліжэй і бліжэй кожны дзень», — напісаў Трамп.
Дэ-факта перамір’е не выконваецца.