Грузінскія ўлады з 2019 году адхілілі ўсе 80 разгледжаных хадайніцтваў беларускіх грамадзян аб наданьні прытулку, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу зьвестак мясцовай паліцыі.
У 2025 годзе грузінскія ўлады зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства — пасьля таго як у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі парлямэнцкіх выбараў 2024 году і згортваньня курсу на збліжэньне з Эўразьвязам узялі ўдзел замежнікі, найперш грамадзяне Расеі. Падчас аднаго з разгонаў затрымалі беларуса Яўгена Муравіцкага (пазьней ён зьехаў у Літву).
У лютым 2026 году прэмʼер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзе паведаміў, што дазвол на жыхарства ў краіне маюць 3738 беларускіх грамадзян. Ён жа раскрыў пляны выслаць сёлета 4 тысячы мігрантаў, што не атрымалі дазволу, што ўтрая больш, чым летась.
Грузія — «боль беларускіх дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне», заявіла кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская 7 лютага ў Варшаве на слуханьнях у Каардынацыйнай радзе.
«Адзінае абяцаньне, якое мы змаглі атрымаць ад гэтага ўраду ўскосным шляхам, што беларусаў ня будуць дэпартаваць у Беларусь», — сказала Ціханоўская, дадаўшы, што і прытулку беларусам у Грузіі даваць ня будуць.