Трамп: перамір’е паміж Расеяй і Ўкраінай будзе 9—11 траўня, пройдзе абмен 2000 палонных

Дональд Трамп, архіўнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у сацсетцы Truth Social, што ў вайне паміж Расеяй і Ўкраінай будзе трохдзённае перамір’е з 9 да 11 траўня. Апроч спыненьня агню, адбудзецца абмен палоннымі ў фармаце 1000 на 1000.

Ён адзначыў, што сам непасрэдна зьвярнуўся да прэзыдэнтаў Украіны і Расеі, і вельмі цэніць іхную згоду.

«Спадзяюся, гэта пачатак канца вельмі доўгай, сьмяротнай і цяжкай вайны. Перамовы пра спыненьне гэтага маштабнага канфлікту, найбуйнейшага з часоў Другой сусьветнай вайны, працягваюцца, і з кожным днём мы становімся ўсё бліжэй», — напісаў Дональд Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За дзень да параду 9 траўня дроны атакавалі Расею. 13 аэрапортаў спынілі працу

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў трохбаковыя дамоўленасьці пра рэжым цішыні на 9—11 траўня і абмен палоннымі ў фармаце 1000 на 1000.

«Красная плошча для нас менш важная, чым жыцьці ўкраінскіх палонных, якіх можна вярнуць дадому», — напісаў Зяленскі ў Тэлеграме.

Ён таксама падпісаў асобны ўказ, які дазваляе правесьці парад на Краснай плошчы і на час параду выключае яе з «пляну прымяненьня ўкраінскай зброі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалы — пра Лукашэнку ў Пуціна, парад пад дронамі і «гульню Мацкевіча»