Мігранты прабраліся зь Беларусі ў Літву, зрабіўшы падкоп. ФОТА, ВІДЭА

Падкоп пад беларуска-літоўскай мяжой, які выкарыстоўвалі мігранты

Літоўскія памежнікі затрымалі 18 мігрантаў, якія прапаўзьлі ў Літву зь беларускага боку праз падземны ход, выкапаны ў бок Аранскага раёну.

Як паведамляе сайт Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, памежнікі затрымалі 18 мігрантаў, якія зь беларускага боку праз выкапаны падземны ход прапаўзьлі ў Літву, на тэрыторыю Аранскага раёну.

Мігрантаў зафіксавалі з дапамогай сыстэмы відэаназіраньня супрацоўнікі Аранскага памежнага аддзелу ў вёсцы Кабелі у ноч на сераду 6 траўня. Для абароны ад нелегальнай міграцыі на літоўскім баку мяжы пабудавалі трывалы й высокі плот з дроту. Пад ім і зроблены падкоп. Інцыдэнт зьнялі на відэа.

Затрыманыя мужчыны назваліся літоўскім памежнікам грамадзянамі Афганістану і Шры-Ланкі.

Пазьней супрацоўнікі памежнай службы ўсіх затрыманых мігрантаў вярнулі назад у Беларусь .

Падкоп пад беларуска-літоўскай мяжой, які выкарыстоўвалі мігранты

У вёсцы Кабелі Аранскага раёну памежнікі таксама затрымалі дваіх грамадзян Украіны. Падазраюць, што яны прыехалі забраць сямёх мігрантаў, якія незаконна трапілі ў Літву.

Падкоп пад беларуска-літоўскай мяжой, які выкарыстоўвалі мігранты

Чаму гэта важна

  • Нелегальную міграцыю зь беларускага боку ўлады Літвы і іншых краін Эўразьвязу называюць элемэнтам гібрыднай вайны з боку ўладаў Беларусі і Расеі.
  • Літва, Польшча, Латвія мусілі ўзмацніць свае сілы на межах зь Беларусьсю і пабудаваць новыя загароды.
  • Шмат мігрантаў загінулі пры спробах нелегальна перасекчы мяжу ў цяжкіх кліматычных умовах.
  • У Польшчы ад рук мігрантаў загінуў жаўнер, былі параненыя.
  • Мігранцкі крызіс пачаўся незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск дапамагае Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У красавіку стала нашмат больш спробаў нелегальна трапіць зь Беларусі ў балтыйскія краіны, і менш — у Польшчу