Усясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакіне ў сіле адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, паведамляе The Times.
Выданьне цытуе заяву World Athletics:
«Наша Рада прыняла яснае рашэньне: толькі тады, калі намеціцца рэальны зрух у бок мірных перамоваў [аб Украіне], яна можа пачаць перагляд сваіх пастановаў. Мы ўсе спадзяемся, што гэта адбудзецца неўзабаве, але да таго часу Рада захоўвае адзінства ў падтрымцы рашэньня, прынятага ў сакавіку 2022 году і пацьверджанага ў 2023 і 2025 гадах».
7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) заявіў, што «больш не рэкамэндуе якіх-небудзь абмежаваньняў удзелу беларускіх спартоўцаў, у тым ліку камандаў, у спаборніцтвах, якія праводзяць міжнародныя фэдэрацыі і арганізатары міжнародных спартовых імпрэзаў».
Адзначалася, што МАК «скасаваў рэкамэндаваныя 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году міжнародным фэдэрацыям і арганізатарам міжнародных спартовых імпрэзаў умовы ўдзелу ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартоўцаў».
Сярод іншага МАК пацьвердзіў, што «ўдзел спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах не павінен абмяжоўвацца дзеяньнямі іх урадаў, у тым ліку ўдзелам у вайне або канфлікце».
Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны распаўсюдзіў заяву, у якой выказаў «катэгарычны пратэст і глыбокае расчараваньне рашэньнем МАК, якое супярэчыць фундамэнтальным прынцыпам справядлівасьці, адказнасьці і алімпійскіх каштоўнасьцяў».
28 лютага 2022 году, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава пачалі выконваць, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі, піша Позірк.
28 сакавіка 2023 году МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям відаў спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў, без адпаведнай дзяржаўнай сымболікі.
Ці абавязковыя рэкамэндацыі МАК
7 траўня Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя, рэкамэндаваныя 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году, умовы ўдзелу ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах, у тым ліку засьцерагальныя захады.
У заяве гаворыцца, што з моманту публікацыі гэтых рэкамэндацыяў МАК ад 28 сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых імпрэзах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, безь якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.
У заяве МАК адзначаецца, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі.
«НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Дазвол на ўдзел у спаборніцтвах маюць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны маюць зважаць на рэкамэндацыі МАК, але не абавязаныя зь імі пагаджацца.