За дзень да параду 9 траўня дроны атакавалі Расею. 13 аэрапортаў спынілі працу

Пажар у Нара-Фамінску Маскоўскай вобласьці пасьля меркаванага нападу ўкраінскіх войскаў на вытворчы і лягістычны цэнтар Міністэрства абароны Расеі. 7 траўня 2026

На фоне абвешчанага Міністэрствам абароны Расеі рэжыму спыненьня агню на 8 і 9 траўня ў вайне супраць Украіны, у Расеі паведамілі аб атацы бесьпілётнікаў.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін напісаў у сацыяльных сетках пра меркаванае зьнішчэньне як мінімум 25 бесьпілётнікаў, якія ляцелі на сталіцу Расеі. Паведамленьняў пра пашкоджаньні або ахвяры няма, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Губэрнатар Яраслаўскай вобласьці Расеі Міхаіл Еўраеў заявіў, што мінулай ноччу на падыходзе да Яраслаўля сілы супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы адбілі атаку ўкраінскіх бесьпілётнікаў. Ахвяр не было. Ён не паведаміў пра пашкоджаньні.

Telegram-канал ASTRA, які геалякуе відэа відавочцаў, піша, што пасьля нападу на Яраслаўль у ноч на 8 траўня гарыць мясцовы нафтаперапрацоўчы завод. Украінскія бесьпілётнікі раней неаднаразова атакавалі гэты завод.

OSINT-аналіз ASTRA таксама паказвае пажар у Растове-на-Доне каля лакафарбавага завода «Эмпілс» і філіялу навукова-тэхнічнага цэнтра «Радар».

Жыхары Растова-на-Доне паведамілі пра вялікую колькасьць выбухаў і пажар. Згодна з аналізам відэазапісаў відавочцаў, праведзеным ASTRA, пажар узьнік у раёне Заходняга прамысловага комплексу, дзе разьмешчана шмат прадпрыемстваў розных галін прамысловасьці, у тым ліку завод «Эмпілс», які быў атакаваны раней у студзені 2026 года, і філіял «Радару».

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар заявіў, што ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА назіраюцца разбурэньні ў гарадах Таганрог, Батайск, Растоў-на-Доне і ў Мясьніцкім раёне.

У той жа час у Кіеве заявілі, што сілы супрацьпаветранай абароны 8 траўня зьнішчылі 56 расейскіх бесьпілотнікаў, якія атакавалі Ўкраіну.

У Расеі 13 аэрапортаў прыпынілі працу пасьля дронавай атакі

Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Мінтранс Расеі заявіў, што з-за трапляньня бесьпілётнікаў у адміністрацыйны будынак аэранавігацыі ў Растове-на-Доне ў ноч на 8 траўня прыпынілі працу 13 аэрапортаў на поўдні Расеі.

«Праца рэгіянальнага цэнтра ў Растове-на-Доне, які кіруе паветраным рухам на поўдні Расеі, скарэктавалі з-за трапляньня ўкраінскіх БПЛА ў адміністрацыйны будынак філіяла «Аэранавігацыя Поўдня Расеі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прыпыненая праца аэрапортаў у Астрахані, Уладзікаўказе, Валгаградзе, Геленджыку, Грозным, Краснадары, Махачкале, Магасе, Мінэральных Водах, Нальчыку, Сочы, Стаўрапалі і Элісьце.

У гэтых аэрапортах затрымана і скасавана больш за 80 рэйсаў, у чаканьні застаюцца 14 тысяч пасажыраў.

Чаму Ўкраіна атакуе НПЗ і вайсковыя аб’екты ў Расеі

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну авіяўдарам падвяргаліся розныя аб’екты на тэрыторыі Расеі.

Нафтаперапрацоўчыя Расеі заводы часьцей за ўсё падвяргаліся паветраным нападам у 2024 і 2025 гадах.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны звычайна пацьверджае большасьць нападаў, заяўляючы, што Армія абароны Ўкраіны «сыстэматычна рэалізуе захады, накіраваныя на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх акупацыйных войскаў, а таксама на прымушэньне Расейскай Фэдэрацыі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка будзе адным з чатырох кіраўнікоў замежных дзяржаваў на сьвяткаваньні 9 траўня ў Маскве

Чаму ўдары 8 траўня асаблівыя

Расея не прыняла ўкраінскую прапанову спыніць агонь з 6 траўня, Мінабароны Расеі паведаміла ў аднабаковым парадку пра спыненьне агню зь іх боку толькі да сьвяткаваньня Дня перамогі 8 і 9 траўня.

Расея пагражае Ўкраіне ў выпадку парушэньня гэтага перамірʼя «адэкватным адказам», а ў выпадку атакаў на парад — масіраваным ударам па цэнтры Кіева.

Зяленскі прапаноўваў рэжым цішыні з 6 траўня, але Расея яго адразу парушыла, у тым ліку ўдарамі па гарадах Украіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў увечары 7 траўня, што не рэкамэндуе лідэрам замежных дзяржаў наведваць парад у Маскве 9 траўня.

Аляксандар Лукашэнка мае быць адным з чатырох лідэраў міжнародна прызнаных дзяржаваў на сьвяткаваньнях у Маскве. Акрамя яго там чакаюцца прэзыдэнт Лаосу Тхонглун Сісуліт, вярхоўны кіраўнік Малайзіі султан Ібрагім Ісмаіл, а таксама прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, які пры гэтым не зьбіраецца на парад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы не рэкамэндуем». Зяленскі выказаўся пра ўдзел удзеле замежных лідэраў у сьвяткаваньні Дня перамогі ў Маскве

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.