Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў увечары 7 траўня, што не рэкамэндуе лідэрам замежных дзяржаў наведваць парад у Маскве 9 траўня. Ён нагадаў, што Расея не прыняла ўкраінскую прапанову спыніць агонь з 6 траўня, у адказ «былі толькі новыя расейскія ўдары, новыя пагрозы з боку Расеі».
«Яны хочуць ад Украіны дазволу правесьці іх парад, каб выйсьці на плошчу бясьпечна на гадзіну раз у год, а потым далей зноў забіваць нашых людзей і ваяваць. Ужо расейцы кажуць пра ўдары пасьля 9 траўня. Дзіўная і дакладна неадэкватная лёгіка расейскага кіраўніцтва. Ёсьць і звароты ад некаторых дзяржаў, блізкіх Расеі, аб тым, што іх прадстаўнікі зьбіраюцца быць у Маскве. Дзіўнае жаданьне... у гэтыя дні. Мы не рэкамэндуем», — сказаў Зяленскі.
Расея ў аднабаковым парадку аб’явіла пра перамірʼе 8 і 9 траўня, пагражаючы Ўкраіне ў выпадку парушэньня перамірʼя «адэкватным адказам», а ў выпадку атакаў на парад — масіраваным ударам па цэнтры Кіева. Зяленскі прапаноўваў рэжым цішыні з 6 траўня, але Расея яго адразу парушыла, у тым ліку ўдарамі па гарадах Украіны.
Каго з замежных лідэраў чакаюць у Маскве
Аляксандар Лукашэнка мае быць адным з чатырох лідэраў міжнародна прызнаных дзяржаваў на сьвяткаваньнях у Маскве. Акрамя яго там чакаюцца прэзыдэнт Лаосу Тхонглун Сісуліт, вярхоўны кіраўнік Малайзіі султан Ібрагім Ісмаіл, а таксама прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца, які пры гэтым не зьбіраецца на парад.
Форум