7 траўня Выканаўчы камітэт МАК адмяніў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні да Беларусі і беларускіх спартоўцаў, у тым ліку ахоўныя меры.
Абмежаваньні былі ўведзеныя пасьля маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, якому спрыяў рэжым Лукашэнкі.
Чаму такое рашэньне цяпер?
У заяве арганізацыі гаворыцца, што з моманту публікацыі рэкамэндацый МАК для міжнародных фэдэрацый і арганізатараў міжнародных спартовых мерапрыемстваў 28 сакавіка 2023 году спартоўцы зь беларускімі пашпартамі ўдзельнічалі ў якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў у шматлікіх міжнародных спартовых мерапрыемствах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы і зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году ў Міляне, без якіх-небудзь інцыдэнтаў на полі або па-за ім.
Чаму гэта важна?
Хоць дазвол на ўдзел у спаборніцтвах будуць даваць канкрэтныя арганізатары і міжнародныя фэдэрацыі, яны будуць улічваць рэкамэндацыі МАК.
У заяве МАК адзначаецца, што сытуацыя з Расейскім алімпійскім камітэтам адрозьніваецца ад сытуацыі з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі. «НАК Беларусі мае добрую рэпутацыю і выконвае Алімпійскую хартыю», — гаворыцца ў тлумачэньні.
Выканаўчы камітэт МАК таксама з заклапочанасьцю адзначыў нядаўнюю інфармацыю, якая прывяла да таго, што Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва пачало расьсьледаваньне расейскай антыдопінгавай сыстэмы. Таму Выканаўчы камітэт МАК хацеў бы лепш зразумець гэтую сытуацыю, гаворыцца ў заяве.