Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Латвійскага баскетбольнага зьвязу падаў у адстаўку на знак нязгоды зь вяртаньнем у спаборніцтвы беларусаў і расейцаў

Баскетбол 3х3
Баскетбол 3х3

Рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (FIBA) дапусьціць беларусаў і расейцаў на міжнародную арэну ў спаборніцтвах фармату 3×3 выклікала адмоўную рэакцыю ў Рызе.

Прэзыдэнт Латвійскага баскетбольнага зьвязу Раймандс Веёніс пайшоў у адстаўку на знак пратэсту супраць рашэньня FIBA беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў моладзевых спаборніцтвах.

Раней Цэнтральная рада Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу (IBF) у адказ на рэкамэндацыю Міжнароднага алімпійскага камітэту зьняць абмежаваньні з расейцаў і беларусаў даў ім дазвол на рэгістрацыю камандаў U-21 на Лігу нацый FIBA 3×3. Рашэньне прынялі без папярэдняга абмеркаваньня камісіяй FIBA 3×3.

«Пачынаючы з 24 лютага 2022 году, калі ўсясьветная спартовая супольнасьць і міжнародныя арганізацыі рашуча асудзілі расейскае ўварваньне і адхілілі спартоўцаў Расеі і Беларусі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, з часам пазыцыя ў гэтым пытаньні ў многіх краінах і арганізацыях зьмякчылася. Гэта пацьвярджае і рашэньне Цэнтральнай рады FIBA.

Латвійскі баскетбольны зьвяз і надалей пасьлядоўна выступае за адхіленьне спартоўцаў краін-агрэсарак ад міжнародных турніраў — ня толькі на словах, але і на справе, аб’ядноўваючы хаўрусьнікаў з падобнай пазыцыяй. Дзякуючы супольным дзеяньням Латвіі, іншых краін Балтыі і Паўночнай Эўропы, а таксама нашым партнэрам, прадстаўнікі дзяржаў-агрэсарак ужо пяты год ня ўдзельнічаюць у эўрапейскіх баскетбольных спаборніцтвах.

Мы будзем і далей працаваць над захаваньнем гэтай пазыцыі да завяршэньня вайны ва Ўкраіне рашэньнем, прымальным для нашых хаўрусьнікаў», — напісаў Веёніс.

Раней Цэнтральная рада FIBA зацьвердзіла захаваньне бягучага статусу расейскай і беларускай камандаў ва ўсіх астатніх спаборніцтвах да наступнага пасяджэньня, заплянаванага на верасень 2026 году.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG