Спартоўцы з гэтых краін не атрымаюць дазволу прыехаць на чэмпіянат Эўропы ў скачках у ваду, які пройдзе ў Польшчы налета.
«Мы лічым, што пакуль працягваецца ўзброеная агрэсія Расеі супраць Украіны, як расейцы, так і прадстаўнікі Беларусі, якая падтрымлівае гэтую краіну, не павінны стартаваць у міжнародных мерапрыемствах пад сьцягамі гэтых краінаў», — заявіла старшыня польскай фэдэрацыі Атылія Енджэйчак Польскаму радыё.
Мінулай восеньню Атылія Енджэйчак была адзінай, хто галасаваў супраць допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў нават у нэўтральным статусе.
Пры гэтым Польшча ня будзе байкатаваць замежныя спаборніцтвы, дзе выступаюць беларусы або расейцы, каб не нашкодзіць кар’еры польскіх атлетаў.
Раней афіцыйныя заявы з асуджэньнем вяртаньня расейцаў і беларусаў выдалі фэдэрацыі Ўкраіны і Эстоніі.
Летась у сьнежні польская фэдэрацыя плаваньня пад пагрозай адмены спаборніцтваў ужо не дапусьціла беларусаў і расейцаў на чэмпіянат Эўропы па плаваньні на кароткай вадзе, хоць міжнародная фэдэрацыя ўдзел дазволіла.
Арганізатары тады наўмысна зацягнулі фармальныя працэдуры, каб каманды беларусаў і расейцаў не пасьпелі зарэгістраваць сваіх спартоўцаў, гаворыцца ў артыкуле Польскага радыё.
Міжнародная фэдэрацыя водных відаў спорту 13 красавіка паведаміла, што беларусы цяпер змогуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах па водных відах спорту зь дзяржаўнымі сьцягам, гімнам і ў адпаведнай форме.
Паводле прэзыдэнта фэдэрацыі, басэйны і адкрытая вада павінны быць месцамі, дзе спартоўцы ўсіх краінаў могуць сустракацца ва ўмовах мірнага суперніцтва.
Пры гэтым беларускім атлетам давядзецца прайсьці як мінімум чатыры пасьлядоўныя допінг-кантролі, а таксама праверкі добранадзейнасьці (не ўдакладняецца, якія).
Беларусь таксама атрымае ўсе правы сябра фэдэрацыі. Гэтыя палёгкі тычацца таксама і спартоўцаў з Расеі.
Форум