Лукашэнка будзе адным з чатырох кіраўнікоў замежных дзяржаваў на сьвяткаваньні 9 траўня ў Маскве

Аляксандар Лукашэнка (зьлева) на парадзе ў Маскве 9 траўня 2024 году

Сьвяткаваньне Дня перамогі 9 траўня ў Маскве акрамя Аляксандра Лукашэнкі наведаюць лідэры яшчэ трох міжнародна прызнаных дзяржаваў. Гэта вынікае са словаў памочніка прэзыдэнта Расеі ў зьнешнепалітычных пытаньнях Юрыя Ўшакова, якія цытуе ТАСС.

Паводле Ўшакова, у Маскву прыедуць прэзыдэнт Лаосу Тхонглун Сісуліт, вярхоўны кіраўнік Малайзіі султан Ібрагім Ісмаіл, а таксама прэм’ер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца.

Чаму высокіх гасьцей няшмат і чаму гэта важна?

Ушакоў заявіў, што Расея не рассылала запрашэньняў на сьвяткаваньні і што ў 2025 годзе ў Маскве была вялікая група замежных лідэраў, бо тады былі юбілейныя ўрачыстасьці.

Пры гэтым Украіна апошнім часам рэгулярна атакуе Маскву бесьпілётнікамі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 4 траўня заявіў, што «ўкраінскія дроны таксама могуць прыляцець па тым парадзе»

У расейскай сталіцы 9 траўня парад правядуць без удзелу вайсковай тэхнікі. Такое адбудзецца ўпершыню з 2007 году.

Міністэрства замежных справаў Расеі заклікала ўсе дзяржавы эвакуаваць свае амбасады з сталіцы Ўкраіны «ў сувязі зь непазьбежнасьцю ўдару Ўзброеных сілаў Расеі па Кіеве і цэнтрах прыняцьця рашэньняў, калі Ўзброеныя сілы Ўкраіны нанясуць удар па Маскве 9 траўня».

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што з нуля гадзін 8 траўня да 10 траўня расейскі бок аб'яўляе перамірʼе.

«Таксама нагадваем, што ў выпадку спробаў кіеўскага рэжыму сарваць сьвяткаваньне 81-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Маскве, узброеныя сілы Расійскай Фэдэрацыі нанясуць масіраваны ракетны ўдар па цэнтры Кіева», – гаворыцца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Масква заклікала замежныя амбасады і грамадзян эвакуавацца з Кіева перад 9 траўня, пагражае ўдарамі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.