У ЭГУ заявілі, што ня будуць адмаўляцца ад набору, і адкрылі новую праграму

Шыльда ЭГУ ў Вільні. Архіўнае фота

Пасьля рашэньня ўладаў Беларусі прызнаць ЭГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» унівэрсытэт абвясьціў новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм».

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт пацьвердзіў, што будзе праводзіць уступную кампанію, аднак не плянуе спэцыяльных інфармацыйных захадаў для беларускіх абітурыентаў падчас пагрозаў ад уладаў Беларусі.

Як паведамілі «Белсату» ў ВНУ, унівэрсытэт працягвае набор студэнтаў, бо там вучацца прадстаўнікі розных краін. У той жа час у ЭГУ адзначылі, што будуць улічваць пры гэтым дзеяньні ўладаў Беларусі.

«У ЭГУ вучацца студэнты з розных краінаў, таму прыёмная кампанія для патэнцыйных студэнтаў будзе арганізаваная. Аднак, улічваючы дзеяньні беларускіх уладаў і магчымыя пагрозы для грамадзян гэтай краіны, унівэрсытэт не плянуе мэтанакіраваных захадаў для беларускай аўдыторыі», — адзначаецца ў адказе ўнівэрсытэту для «Белсату».

Студэнтам жа раяць вельмі адказна ацэньваць магчымыя рызыкі, зьвязаныя з рашэньнямі дзяржаўных установаў.

У ЭГУ падкрэсьліваюць, што ўнівэрсытэт дзейнічае ў Літве і абаронены літоўскім і эўрапейскім заканадаўствам, і гэта распаўсюджваецца таксама на беларускіх грамадзян.

Сярод іншага, ЭГУ сёлета запрасіў на новую адукацыйную праграму «Эўрапейская спадчына і крэатыўны турызм». На матэрыяле культурнай спадчыны Беларусі, Літвы і іншых краін Эўропы ВНУ рыхтуе мэнэджараў культуры і спэцыялістаў у крэатыўным турызме, здольных ствараць уласныя аўтарскія прадукты і ўвасабляць іх у жыцьцё.

Чаму гэта важна

Заснаваны ў 1992 годзе ЭГУ пасьля закрыцьця ў Менску з 2006 году працуе ў Вільні і застаецца адным з ключавых адукацыйных цэнтраў для беларускіх студэнтаў.

Мінулай восеньню ЭГУ пачаў свой трыццаць трэці навучальны год, каля 500 студэнтаў з розных краін Усходняй Эўропы паступілі на першы курс. Новы навучальны год зазначылі адкрыцьцём дадатковага навучальнага корпусу.

Акадэмічная місія ЭГУ грунтуецца на каштоўнасьцях крытычнага мысьленьня, акадэмічнай супрацы і інтэлектуальнай свабоды. Унівэрсытэт цэняць за яго сацыяльны ўклад — ён рыхтуе выпускнікоў ня толькі да прафэсійнай кар’еры, але і да зьмястоўнага ўдзелу ў грамадзтве і да лідэрства ў складаных, зьменлівых умовах.

У Вільні ЭГУ мае два спэцыялізаваныя падразьдзелы — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць вучыцца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.

14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Генэральнай пракуратуры прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Паводле ўладаў Беларусі, унівэрсытэт нібыта надае «мэтадычную, фінансавую і іншую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак, а таксама іншаземных дэструкцыйных няўрадавых арганізацыяў».

У Генэральнай пракуратуры мяркуюць, што ўнівэрсытэт выкарыстоўваюць «спэцслужбы іншаземных краін, каб нанесьці шкоду Беларусі ў гуманітарнай, інфармацыйнай і палітычнай сфэрах».

Літва і Эўрапейскі Зьвяз асудзілі ўлады Беларусі за прызнаньне ЭГУ «экстрэмісцкім». Літва прапанавала Эўразьвязу ўвесьці санкцыі супраць датычных да перасьледу ЭГУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяляцкі на сустрэчы з кіраўніцай ураду Літвы падтрымаў ЭГУ і незалежныя прафсаюзы Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэктар ЭГУ: пасьля абвяшчэньня ўстановы «экстрэмісцкай» няма інфармацыі аб затрыманых у Беларусі студэнтах