Пасьля рэзкага зьніжэньня зноў рост. У расейскіх унівэрсытэтах вучацца каля 16 тысяч беларусаў

На галоўным будынку Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту

Беларусь цяпер займае сёмае месца ў колькасьці студэнтаў, якія паехалі атрымліваць вышэйшую адукацыю ў расейскіх ВНУ.

Як сказаў намесьнік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расеі Канстанцін Магілёўскі ў інтэрвію газэце «Коммерсантъ», у гэтым навучальным годзе ў Расеі вучацца звыш 16 тысяч грамадзян Беларусі.

Больш за ўсё замежных студэнтаў у Расеі з Казахстану — амаль 61 тысяча, далей перад Беларусьсю ідуць Туркмэністан, Кітай, Узбэкістан, Індыя і Таджыкістан.

Агулам сёлета ў Расеі вучацца 402 тысяч замежных студэнтаў з 179 краін сьвету. Лічбу падаюць без уліку прыёму ў асьпірантуру і ардынатуру. Зь ёй лік можа скласьці 425 тысяч чалавек.

У апошнія гады Расея ўвяла сыстэму захадаў у прыцягненьні замежных абітурыентаў. Напрыклад, з 2023 году ўстаноўлена штогадовая квота расейскага ўраду ў 30 тысяч месцаў для бясплатнага навучаньня замежнікаў у расейскіх ВНУ.

Паводле ранейшых зьвестак, каля 70% беларусаў у расейскіх ВНУ — на завочнай або зьмяшанай форме навучаньня.

Сёлета ў Беларусі скарацілі колькасьць бюджэтных месцаў для расейскіх грамадзянаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У беларускіх ВНУ скарацілі колькасьць бюджэтных месцаў для расейскіх абітурыентаў. Зь якой прычыны

Ці зьмянялася лічба апошнім часам?

Нягледзячы на санкцыі, уведзеныя супраць Рэспублікі Беларусь пасьля 2020 году і больш складаныя ўмовы атрыманьня замежнай візы, павелічэньня колькасьці беларускіх студэнтаў у «бязьвізавай» Расеі доўга не адбывалася. Якраз наадварот, дасьледаваньне, апублікаванае інстытутам «Палітычная сфэра» ў 2024 годзе, паказала рэзкае і няўхільнае зьніжэньне беларусаў, якія паехалі па вышэйшую асьвету да ўсходніх суседзяў.

У 2013 годзе такіх было 25 тысяч, а праз дзесяцігодзьдзе беларускіх студэнтаў засталося толькі 11 тысяч. Найніжэйшую лічбу фіксавалі ў 2021-м, калі ў Расеі засталося толькі 8838 беларусаў.

Цяпер, выглядае, колькасьць беларусаў у расейскіх ВНУ упершыню за апошнія амаль паўтара дзясятка гадоў вырасла.

Як у іншых краінах?

Іншымі прывабнымі краінамі для беларускіх абітурыентаў ужо шмат гадоў ёсьць Польшча, Літва і Чэхія. Асабліва вылучаецца ў гэтым пераліку Польшча, дзе беларускія студэнты павялічылі сваю прысутнасьць утрая і ў 2023 годзе іх было каля 13 тысяч, то бок ужо больш, чым у Расеі.

Аднак у тым самым 2023 годзе пасьля прыходу да ўлады ўраду Дональда Туска, амаль адначасна зь якім скончыўся тэрмін дзеяньня пагадненьня паміж Беларусьсю і Польшчай аб супрацы ў сфэры адукацыі, становішча беларусаў пагоршылася. Ад абітурыентаў у Польшчы сталі патрабаваць даведку, якая пацьвярджае легальнасьць атэстатаў, атрымаць яе ў Беларусі няпроста, а для шэрагу студэнтаў, якія больш ня езьдзяць на радзіму, немагчыма. Пазьней такое патрабаваньне скасавалі, аднак мясцовыя рады адукацыі могуць вызначаць свае ўмовы.

Акрамя таго, колькасьць беларусаў у польскіх вну пачала зьніжацца праз тое, што ўлады ўвялі новыя патрабаваньні да валоданьня польскай мовай. Цяпер для паступленьня на многія спэцыяльнасьці недастаткова валодаць польскай, трэба афіцыйна запісацца на платны выпыт і здаць яго на сэртыфікат.

Аднак істотнага зьніжэньня ўсё ж не адбылося, у Польшчы вучыцца 11-12 тысяч беларусаў.

Пры гэтым у гэтай краіне задумаліся, як утрымаць асабліва каштоўныя кадры. Летась Польшча абвясьціла новую праграму падтрыманьня навукоўцаў пад міжнароднай абаронай.

У Літве многія беларускія студэнты вучыліся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце (ЭГУ), у 2024 годзе з 1339 беларускіх студэнтаў Літвы каля 1000 вучыліся якраз там. Але ў красавіку 2026 году рэжым Лукашэнкі прызнаў віленскую «альма матэр» «экстрэмісцкай», а 5 траўня ў пракуратуры пацьвердзілі, што цяпер аплата навучаньня ў ЭГУ і шэраг іншых сьведчаньняў датычнасьці да ўнівэрсытэту могуць стаць падставай для крымінальнага перасьледу студэнтаў і іхных бацькоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэктар ЭГУ: пасьля абвяшчэньня ўстановы «экстрэмісцкай» няма інфармацыі аб затрыманых у Беларусі студэнтах

У Чэхіі, якая традыцыйна яшчэ ў першай палове ХХ стагодзьдзя была адным з найбуйнейшых цэнтраў навучаньня беларусаў у замежжы, праблемы зьявіліся пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Тады, у 2022-м, Чэхія ў аднабаковым парадку пачала скасоўваць або перастала падаўжаць студэнцкія візы беларускім навучэнцам.

Гэта стала адной з тэмай тагачасных перамоваў Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Чэскай рэспублікі Пэтэрам Паўлам. На ёй чэхаў прасілі перагледзець сваё стаўленьне і паставіцца да беларускіх студэнтаў і іхных сямейнікаў больш лагодна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Міністэрстве адукацыі Беларусі пацьвердзілі, што ў мэдычных ВНУ ня будзе платнага навучаньня