У Варшаве заявілі пра антыпольскую дзейнасьць спэцслужбаў Беларусі і іх «сымбіёз» з расейскімі

Польская паліцыя. Архіўнае фота

Вынікам такіх дзеяньняў Менска і Масквы стала дывэрсійная актыўнасьць у Польшчы, інсьпіраваная расейскімі спэцслужбамі, пашырэньне прарасейскіх наратываў у грамадзтве, выведка арганізацыі дапамогі Ўкраіне з тэрыторыі Польшчы.

Польскія спэцслужбы сьцьвярджаюць, што з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны Польшча стала арэнай «ціхай вайны спэцслужбаў»:

«У 2024-2025 гадах у Польшчы адзначаецца «павышаная і нарастаючая актыўнасьць перш за ўсё расейскіх, цесна працуючых зь імі беларускіх, а таксама кітайскіх спэцслужбаў».

Такая выснова апублікаванай 6 траўня справаздачы Агенцтва ўнутранай бясьпекі (АУБ) Польшчы, прысьвечанай асобным аспэктам дзейнасьці польскай спэцслужбы.

У ёй адзначана, што «асаблівай увагі ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне і пагроз бясьпецы Польшчы, якая працягваецца, заслугоўвае паглыбленьне шматаспэктнага кітайска-расейскага супрацоўніцтва, уключаючы каапэрацыю ў галіне інфармацыйнай вайны, а таксама прысутнасьць і палітыка-эканамічны ўплыў КНР у Беларусі, які расьце».

У прысьвечаным Беларусі разьдзеле дакумэнта гаворыцца, што Польшча «застаецца для беларускай выведкі нязьменна прыярытэтнай апэратыўнай мэтай».

Польская служба піша, што ў 2024-2025 гадах найважнейшай задачай спэцслужбаў Беларусі была абарона рэжыму, таму іх актыўнасьць засяроджвалася на інфільтрацыі і дэзінтэграцыі шматлікіх беларускіх апазыцыйных супольнасьцяў. АУБ адзначае, што «беларуская выведка, асабліва вайсковая, цесна супрацоўнічае са сваім аналягам у Расеі».

«Своеасаблівы „сымбіёз“ спэцслужбаў дзьвюх дзяржаў яшчэ больш паглыбіўся ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і абмежаваньнем магчымасьцей вядзеньня дзейнасьці на тэрыторыі Польшчы з клясычных пазыцый прыкрыцьця. Беларуская ваенная выведка таксама вядзе інтэнсіўную разьведвальную дзейнасьць адносна аб’ектаў Узброеных сіл Польшчы і саюзьнікаў», — піша польскае выданьне Onet.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што «беларускія спэцслужбы вядуць масавую вярбоўку на тэрыторыі сваёй краіны, а пасьля спрабуюць перакідаць сваіх агентаў у Польшчу».

«Праяўленьнем варожай актыўнасьці беларускіх спэцслужбаў зьяўляюцца таксама спробы апытаньня і вярбоўкі польскіх грамадзян, якія рэгулярна выяжджаюць у Беларусь, апэратыўная інфільтрацыя ў польскую меншасьць у гэтай краіне», — адзначыла польская спэцслужба.

Якія доказы прыводзяцца

Агенцтва нагадала аб затрыманьні ў траўні 2024 году грамадзяніна Польшчы Каміла К., а таксама двух грамадзянаў Беларусі — Сцяпана К. і Андрэя Б., якія зьдзейсьнілі падпалы па заданьні спэцслужбаў Расеі; у лістападзе таго ж году — аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі Яраслава С., які падазраваўся ў спробе падпалу абʼекта ў Гданьску.

Падкрэсьліваецца, што «значныя пагрозы былі зьвязаныя з незаконным перамяшчэньнем іншаземцаў на мяжы з Рэспублікай Беларусь і гібрыднымі дзеяньнямі гэтай дзяржавы, зьвязанымі з міграцыяй».

У 2024-2025 гадах АУБ пачало 69 расьсьледаваньняў наконт дзейнасьці беларускіх і расейскіх спэцслужбаў Польшчы, затрымалі 91 чалавека, з публічнай прасторы выдалены 61 агент гэтых спэцслужбаў. Гэта столькі ж, колькі за апошнія 32 гады.

Вялікай небясьпекай спэцслужбы Польшчы лічаць падарожжы палякаў на тэрыторыю Беларусі. Падчас такога падарожжа быў завэрбаваны супрацоўнік міністэрства абароны Польшчы, які працаваў там з 1990-х гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Унікальны вязень. Што вызваленьне Пачобута мяняе ў Беларусі і ў міжнароднай гульні

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча і Ўкраіна дамовіліся разам ствараць сучасную армаду бесьпілотнікаў