Зяленскі заявіў, што расейскі бок парушыў рэжым спыненьня агню перад Днём перамогі

Наступствы расейскай атакі на Сумы. 6 траўня 2026

Расейскае войска зноў учыніла некалькі нападаў на Ўкраіну, пацярпелі цывільныя аб’екты. Уладзімір Пуцін заявіў аб перамір’і з свайго боку ад 8 траўня, Уладзімір Зяленскі — з 6 траўня.

Расейская армія нанесла сэрыю ўдараў па шэрагу ўкраінскіх гарадоў і населеных пунктаў, а таксама працягнула актыўныя баявыя дзеяньні і абстрэлы 6 траўня, заявіў прэзыдэнт Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі.

Ён, у прыватнасьці, згадаў апошнія ўдары Расеі па Дняпры, Запарожжы і Краматорску, дзе загінулі людзі, а таксама штурмавыя апэрацыі ўздоўж лініі фронту:

«Выбар Расеі — гэта відавочная адмова ад цішыні і захаваньня жыцьцяў. Штурмавыя апэрацыі працягваюцца на ўсіх ключавых участках фронту, і толькі з пачатку гэтага дня расейская армія ўжо правяла амаль 30 штурмавых апэрацый. Толькі за ноч і сёньняшнюю раніцу зафіксавана больш за 20 авіяўдараў з выкарыстаньнем больш за 70 авіябомбаў».

Раней Кіеў выказаў гатоўнасьць дзейнічаць люстрана, улічваючы «назойлівыя расейскія заклікі» адносна рэжыму цішыні падчас параду 9 траўня.

Зяленскі пры гэтым назваў паўнамаштабную вайну неспрыяльным часам для публічных сьвяткаваньняў і заклікаў расейскае кіраўніцтва «рухацца да рэальнага міру».

«На сёньняшні дзень мы канстатуем парушэньне расейскім бокам рэжыму спыненьня агню. На падставе вячэрніх паведамленьняў нашых вайскоўцаў і выведкі мы прымем рашэньне аб нашых далейшых дзеяньнях», — дадаў Зяленскі.

Пасьля расейскай атакі на Харкаў. 6 траўня 2026

Расейскае войска 6 траўня атакавала Харкаў. У выніку двое параненых, сем дамоў пашкоджаныя, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Паводле гарадзкога галавы Ігара Церахава, ад трапляньня «Шахеда» ў прыватны дом у Новабаварскім раёне Харкава пачаўся пажар. Усяго ў выніку расейскага нападу ў гэтым раёне пашкоджана сем дамоў.

Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што ў Новабаварскім раёне ў выніку расейскай атакі пацярпелі два чалавекі, у тым ліку ў 48-гадовай жанчыны дыягнаставалі востры стрэс.

Харкаў, які знаходзіцца прыкладна за 30 кілямэтраў ад мяжы з Расеяй, рэгулярна цярпіць ад расейскіх удараў, апошнім часам пераважна бесьпілётнікаў. Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і цывільную інфраструктуру ўва ўсіх рэгіёнах Украіны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў, кіраваных авіябомбаў, сыстэмаў залпавага агню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі атакавалі Краматорск і Запарожжа — шмат ахвяраў

Чаму гэта важна

Учыніўшы напады на Ўкраіну, расейцы парушылі абвешчаны з 6 траўня Ўладзімірам Зяленскім рэжым спыненьня агню. Уладзімір Пуцін заявіў аб перамір’і з свайго боку на дні 8 і 9 траўня.

Расейскія прапановы ўвесьці рэжым спыненьня агню 9 траўня ня маюць нічога супольнага з дыпляматыяй, бо Масква парушыла рэжым цішыні, уведзены Ўкраінай з пачатку дня 6 траўня, заявіў украінскі міністар замежных справаў Андрэй Сыбіга.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць расейскія ўдары па цывільных аб’ектах як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.

Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстаноў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыдных дзеяньняў, заяўляюць у Кіеве.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна заявіла пра рэжым цішыні ў ноч на 6 траўня і паабяцала дзейнічаць «люстэркава» ў выпадку новых расейскіх атак

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.