Грошы на падтрымку кіраўніцы «Вольнага хору» Казіміроўскай сабралі за адзін дзень

Галіна Казіміроўская, архіўнае фота

Фонд BySol зьбірае сродкі на паўгадавую арэнду кватэры для Галіны Казіміроўскай, якая мае анкалягічную хваробу, і яе дзяцей, якія жывуць за мяжой, на лекі і харчаваньне, пакуль ідзе лячэньне і аднаўленьне.

На 11 гадзін раніцы 6 траўня, фактычна за адзін дзень, фонд BySol сабраў для Галіны Казіміроўскай 9350 эўра з 8500 заяўленых.

Галіна Казіміроўская змагаецца з анкалягічнай хваробай, цяпер яна праходзіць курс хіміятэрапіі, наперадзе апэрацыя і яшчэ курсы хімія- і радыятэрапіі.

«Толькі нядаўна вырашыла для сабе, што магу зрабіць гэты факт публічным. Доўга не казала пра гэта. У мяне даволі агрэсіўная форма раку, яна патрабуе агрэсіўнага адказу. Таму я праходжу хіміятэрапію штотыдзень. Цалкам яна зойме тры месяцы, потым пачнецца хімія іншага кшталту. Не пасьпяваю вярнуцца да нармальнага стану. Далей мне плянуюць апэрацыю, але спачатку трэба ўхіліць магчымыя наступствы раку. Потым будзе курс радыятэрапіі. Цалкам такое лячэньне займае год», — расказала раней Галіна Казіміроўская Свабодзе.

За само лячэньне Галіне плаціць ня трэба, яна мае ў Польшчы страхоўку, але выдаткі, якія суправаджаюць хваробу, аказаліся вельмі высокімі.

«Вольны хор» пад кіраўніцтвам Галіны паўстаў падчас пратэстаў 2020 году. Хор зьяўляўся зьнянацку — у гандлёвых цэнтрах ці на прыступках філярмоніі сотні галасоў сьпявалі аб свабодзе. Улады прызналі калектыў «экстрэмісцкім фармаваньнем». Галіна зь дзецьмі мусіла зьехаць у эміграцыю, як і шмат хто з удзельнікаў хору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская мае анкалягічную хваробу, ёй зьбіраюць дапамогу