У пераліку «экстрэмісцкіх» фармаваньняў і арганізацыяў, які вядуць КДБ і МУС Беларусі, колькасьць рэдакцыяў і іншых мэдыяструктураў дасягнула 60, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз. Гэта 17,5% ад усіх 365 згаданых у чорным сьпісе пазыцыяў (некаторыя аб’яднаньні фігуруюць ў сьпісе двойчы).
У пералік уключаныя імёны 137 чалавек, якія, на думку сілавых структураў Беларусі, маюць дачыненьне да «экстрэмісцкіх» рэдакцыяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Адна камісія забараняе кнігі, другая каардынуе першую, трэцяя дазваляе вяртацца. Што за структуры змагаюцца ў Беларусі з «экстрэмізмам»Як улады перасьледуюць незалежныя СМІ
«Пералік арганізацыяў, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», зьявіўся пасьля пастановы Савету міністраў ад 12 кастрычніка 2021 году «Аб мерах процідзеяньня экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» за подпісам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі (цяпер ён узначальвае Нацыянальны банк).
У пералік уключаюць пераважна непадкантрольныя і неляяльныя ўладам аб’яднаньні, структуры, установы і асобных грамадзян, у тым ліку замежных. Удзел у такіх структурах або супраца зь імі перасьледуецца ў крымінальным парадку.
У кастрычніку–сьнежні 2021 году было прынята 4 рашэньні ўключыць у сьпіс арганізацыі і структуры мэдыясэктару, у 2022 годзе — 15, у 2023 і 2024-м — па 14, у 2025-м — 13, з пачатку 2026-га — 4.
Што гэта можа значыць
Праваабаронцы «Вясьны» адзначаюць, што сьпіс «экстрэмістаў», які існуе ў Беларусі, — характэрны прыклад злоўжываньня паўнамоцтвамі дзяржавы ў галіне абмежаваньняў свабоды слова і выказваньня думак.
«Толькі сыстэма, заснаваная на вяршэнстве права, незалежнасьці суду і павазе да свабоды выказваньня, можа забясьпечыць устойлівую бясьпеку і дэмакратычнае разьвіцьцё дзяржавы», — такую выснову робяць аўтары дакладу «Калі экстрэмізмам называюць словы».
Часта ўнясеньне ў экстрэмісцкі сьпіс азначае ня толькі перашкоду працы рэсурсу, але і крымінальны перасьлед грамадзян, зь ім зьвязаных. Гэтая практыка асабліва пашырылася ў Беларусі з 2020 году, хоць прымянялася і раней, найперш да рэсурсаў анархісцкага руху, адзначаюць вясноўцы.
Паводле праваабаронцаў, усе судовыя рашэньні гэтай групы падлягаюць скасаваньню, і толькі адзінкавыя — перагляду на аснове выкананьня стандартаў правасудзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Старшыня БАЖ: «Пачобута вызвалілі, але яшчэ 22 журналісты застаюцца за кратамі»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».