Польскі ўрад дамогся легалізацыі выкарыстаньня ўвезеных пасьля 2016 году беларускіх трактароў. Цяпер польскія фэрмэры здолеюць працаваць на амаль 8 тыс. трактароў, выпушчаных на Менскім трактарным заводзе.
Прававы статус трактароў на тэрыторыі Эўразьвязу да гэтага часу не маглі ўрэгуляваць.
«Мы атрымалі згоду Эўрапейскай камісіі на прымяненьне адмысловых правілаў у адпаведнасьці з Законам аб сыстэмах ухвалы да трактароў, якія імпартуюцца зь Беларусі пасьля 2016 году. Амаль 8000 такіх машын, якія паступілі на польскі рынак, мелі няясны фармальны і прававы статус. Мы падрыхтавалі адпаведныя правілы», — сказаў міністар інфраструктуры Польшчы Дарыюш Клімчак.
Правілы дадуць на разгляд пастаяннаму камітэту Рады Міністраў у траўні, і орган урэгулюе сытуацыю, што будзе свайго роду «амністыяй», якая прымяняецца да транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў цяперашні час фэрмэрамі, дадаў Клімчак, якога цытуе Tygodnik Rolniczy.
«Мы хочам, каб гэтыя машыны атрымлівалі адмысловую адзнаку на станцыях тэхнічнага агляду ў час тэхнічнай праверкі і былі даступныя на дарогах агульнага карыстаньня, каб фэрмэры маглі выкарыстоўваць іх у сельскагаспадарчых працах. Мы хочам, каб польскія фэрмэры маглі бясьпечна выкарыстоўваць гэтыя машыны безь якіх-небудзь абмежаваньняў».
Праблема з гэтай тэхнікай была выклікана тым, што іх паставілі ў Польшчу бяз поўнага пакету дазволаў на адпаведнасьць патрабаваньням Эўразьвязу. У прыватнасьці, да нядаўняга часу трактары не маглі атрымліваць дазволу на легальнае перамяшчэньне па дарогах агульнага карыстаньня падчас тэхаглядаў.
Шэраг гаспадарак Польшчы не маглі карыстацца трактарамі некалькі гадоў і чакалі дазволаў.