У Армэніі, якая рыхтуецца да парлямэнцкіх выбараў у чэрвені, прагучала заява старшыні парлямэнту Алена Сіманьяна. Той абвінаваціў Маскву ва ўмяшаньні ў выбары, у прыватнасьці ў тым, што расейцы спрабуюць падкупіць армянскіх грамадзянаў, каб тыя галасавалі за прамаскоўскія сілы.
Адначасна з гэтым палітык заявіў, што ўлады Армэніі не дазволяць краіне ператварыцца ў другую Беларусь.
«Калі ва Ўкраіне спрабуюць прасоўваць свае інтарэсы ваенным шляхам, то ў Армэніі адбываецца спроба захопу ўлады. Нашу дэмакратычнасьць яны цяпер спрабуюць выкарыстаць супраць нас. Кажуць: у вас інтэрнэт адкрыты, мы ў гэтым інтэрнэце на свае рублі купім столькі рэклямы, што ўсё будзе нашым.
Мы не дазволім ператварыць Армэнію ў губэрню. Мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Нікол Пашыньян расказаў пра сваю праграму на выбары: у ёй няма вяртаньня ў АДКБУ МЗС Беларусі пачулі словы кіраўніка армянскага Нацыянальнага сходу і адрэагавалі заявай, якую апублікавалі на дзьвюх мовах — расейскай і ангельскай (беларуская мова зьяўляецца ў афіцыйных заявах МЗС Беларусі вельмі рэдка — заўв. Свабоды). Ад імя МЗС Беларусі выказаўся прэс-сакратар Руслан Варанкоў.
Ён мяркуе, што заявы Сіманьяна гэта «перадвыбарчы папулізм і адчайная спроба адцягнуць увагу ўласных выбарнікаў ад сур’ёзных унутраных праблемаў». На думку МЗС Беларусі, беднасьць у Армэніі «рэзка расьце, ужо перавышаючы парог у 40%», таксама там расьце беспрацоўе, а «цэлыя рэгіёны стагнуюць». Менавіта таму, сказаў Варанкоў, «найпрасьцейшым выйсьцем» для армянскіх уладаў стала абазначэньне «вонкавага ворагу» і «навешваньне абразьлівых ярлыкоў».
«Беларусь — сувэрэнная дзяржава, якая самастойна вызначае фармат сваіх хаўрусьніцкіх адносінаў з Расеяй. Мы ганарымся гэтай супрацай і не дазволім нікому чытаць нам лекцый. Спробы ўцягнуць Менск ва ўнутрыпалітычныя сваркі пад лёзунгамі мітычнага ўмяшаньня зьяўляюцца грубым парушэньнем элемэнтарнай дыпляматычнай этыкі».
Далей Варанкоў ад імя МЗС абрынуўся на новыя рэаліі армянскай палітыкі, скрытыкаваўшы паварот афіцыйнага Ерэвану на Захад.
«Вынікі так званага „збалянсаванага“ празаходняга курсу афіцыйнага Ерэвану відавочныя: дэпапуляцыя, хранічная эканамічная нестабільнасьць і поўная замежнапалітычная залежнасьць, якая прымушае кіраўніцтва пакорліва абслугоўваць замежныя саміты.
Мы выразна адрозьніваем братэрскі армянскі народ ад яго недальнабачных прадстаўнікоў улады. Беларусаў і армян зьвязваюць моцныя гістарычныя сувязі, і мы перакананыя: рана ці позна кіраўніцтва Армэніі прыслухаецца да здаровага сэнсу і вернецца да канструктыўнага дыялёгу з нашай краінай, каб нашы народы зноў сталі сапраўднымі сябрамі і стратэгічнымі партнэрамі».