Пашпарты, дамовы, фота. Што з архіву Рады БНР перадалі Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане

Дзеячы Рады БНР Мікола Абрамчык і Лявон Рыдлеўскі (каляж)

Свабода пагутарыла зь беларусам, датычным да працы Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане, дзе захоўваецца частка архіву БНР, якая сёлета трапіла ў яе фонды.

Сёлета фонды Скарынаўскай бібліятэкі папоўніліся новымі дакумэнтамі з архіву былога старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка і вядомага дзеяча беларускага руху Лявона Рыдлеўскага. Мяркуецца, што гэтыя дакумэнты папоўняць архіў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), які пачаў складацца з дакумэнтаў яшчэ ад 1918 году.

Пра знаходку шэрагу дакумэнтаў з архіву Міколы Абрамчыка, старшыні Рады БНР на эміграцыі з 1947 па 1970 год, паведаміў у лютым 2026 году партал грамадзкай арганізацыі «Будзьма беларусамі». Частка гэтага архіву пасьля сьмерці Абрамчыка зьнікла, і толькі сёлета Рада БНР паведаміла пра знаходку шэрагу важных дакумэнтаў і пра тое, што іх перададуць у лёнданскую Скарынаўку.

Бібліятэка ўжо захоўвае значны архіў дакумэнтаў часоў БНР і матэрыялы паваеннай дыяспары. Пра новыя дакумэнты і пра тое, як іх удалося знайсьці, расказаў Свабодзе Ігар, сябра Апякунскай рады Скарынаўскай бібліятэкі.

«Адразу хачу падкрэсьліць, што нельга гаварыць пра знаходку ўсяго архіву Міколы Абрамчыка, сьляды якога згубіліся пасьля 1970 году ў Францыі, дзе памёр былы старшыня Рады БНР. Пакуль варта казаць толькі пра частку ягонага архіву, якая складаецца з арганізацыйных і прыватных дакумэнтаў. Другая частка знаходкі, пра якую ўжо магу сказаць, — гэта дакумэнты з архіву Лявона Рыдлеўскага, вядомага дзеяча беларускай эміграцыі. Гэтыя дакумэнты — таксама вельмі цікавыя і важныя сьведчаньні эпохі», — сказаў Ігар.

Паводле суразмоўцы, знайсьці дакумэнты, у тым ліку прыватныя дакумэнты Міколы Абрамчыка і Лявона Рыдлеўскага, удалося дзякуючы шчасьліваму зьбегу абставін.

«Шмат гадоў багата людзей шукалі архіў Міколы, а цяперашняму посьпеху дапамог шчасьлівы выпадак. Адзін расейскі калекцыянэр знайшоў у Парыжы ў антыкварыяце скрыні зь нераспазнанымі дакумэнтамі, агледзеў іх, палічыў істотнымі і зьвязаўся з намі. А ўжо тады Рада БНР і Бібліятэка сумесна іх выкупілі. За колькі? Не за астранамічныя грошы, але скажу гэтак: за суму, якая таго вартая. Цяпер ёсьць дамова з Радай БНР, што дакумэнты перадаюцца ў Бібліятэку і будуць там вывучацца. Паводле дамовы, паступова будзе абнародавацца інфармацыя, якія гэта дакумэнты», — расказаў сябра Апякунскай рады Скарынаўкі.

Фатаздымак беларускіх студэнтаў, якія вучыліся ў Чэхаславаччыне ў 1921–1929 гадах

Ігар даслаў Свабодзе фатаздымкі некаторых ужо вывучаных дакумэнтаў з камэнтарамі да іх.

«Што магу назваць ужо цяпер? Вось беларускі арыгінал „Умовы“ паміж урадам БНР і ўрадам Літоўскай Рэспублікі, заключанай у Коўне, дзе тады была сталіца Літвы.

„Умова“ паміж урадамі БНР і Літвы.

Сярод іншага, у дакумэнце ёсьць вельмі важны пункт аб тым, што „урады ўзаемна заабавязваюцца падтрымліваць адзін аднаго перад Урадамі Загранічных Дзяржаў“. Зь беларускага боку дакумэнт падпісалі Вацлаў Ластоўскі і Язэп Варонка, ён датаваны 11 лістапада 1920 году. Яшчэ сярод цікавых дакумэнтаў — некалькі дыпляматычных пашпартоў, выдадзеных урадам БНР, у тым ліку пашпарт прадстаўніка БНР ва Ўкраіне Аляксандра Галавінскага, выдадзены ў Горадні і дзейны да 1919 году. Тады з падобнымі дакумэнтамі можна было езьдзіць па краінах Эўропы.

„Умова“ паміж урадамі БНР і Літвы.

Альбо яшчэ цікавы дакумэнт — фатаздымак беларусаў, якія вучыліся ў Празе і іншых гарадах Чэхаславаччыны ў міжваенны пэрыяд. Ён падпісаны як фатаздымак студэнтаў, але там шмат людзей і сярэдняга веку. Зьдзіўляе тое, як шмат беларусаў атрымлівалі ў тагачаснай Чэхаславаччыне адукацыю.

Яшчэ адна багатая частка калекцыі — архівы Лявона Рыдлеўскага, і тут таксама ёсьць вельмі цікавыя знаходкі. Прыкладам, перапіска Лявона Рыдлеўскага зь ягонай дзяўчынай, якая была з Заходняй Беларусі. Гаворка пра пачатак 1930-х гадоў. Перапіска вельмі кранальная. Палітыкі там няма, толькі чалавечыя адносіны. Але вельмі кранальныя лісты, мне здаецца, у сёньняшні час такія дакумэнты варта паказваць людзям. Што яшчэ? Пэўныя асабістыя паперы самога Міколы Абрамчыка: ягоныя школьныя атэстаты, ягоныя дакумэнты часоў жыцьця ў Празе. Гэта зь ягонага асабістага архіву, акрамя арганізацыйных дакумэнтаў, датычных БНР», — расказаў Ігар.

Пашпарт часоў БНР

Паводле суразмоўцы, працаўнікі Скарынаўкі ня маюць сумневу, што новыя дакумэнты належаць да архіву Міколы Абрамчыка. Што да астатняй часткі архіву, то шанцы іх знайсьці актывісты лічаць дастаткова вялікімі.

«Каб знайсьці астатнюю частку архіву Міколы Абрамчыка, якая засталася ў ягонай жонкі Ніны Абрамчык, трэба працягваць пошукі. Так, па яе сьмерці гэтыя архівы з далягляду пазьнікалі, але тое, што цяпер частка знайшлася, дае спадзеў, што гэтаксама можа знайсьціся і астатняя частка, архіў можа быць дзе заўгодна», — мяркуе беларус Ігар.

  • Мікола Абрамчык (1903–1970) — адна з ключавых постацяў беларускага паваеннага незалежніцкага руху. Менавіта ён у 1947 годзе афіцыйна аднавіў дзейнасьць Рады БНР на эміграцыі і ўзначальваў яе да самай сваёй сьмерці ў Францыі. Дакумэнты дзяржаўнага архіву БНР трапілі да яго яшчэ ў разгар Другой усясьветнай вайны. 6 сакавіка 1943 году ў Празе сьмяротна хворы прэзыдэнт Рады БНР Васіль Захарка склаў тэстамэнт, якім перадаў свае паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку, а пасаду сакратара — паэтцы Ларысе Геніюш.
  • Лявон Рыдлеўскі (1903–1953) удзельнік Слуцкага збройнага чыну і антынацыстоўскага партызанскага руху Макі ў Францыі, дзяяч беларускіх арганізацыяў у Францыі і БНР.


Пасьведчаньне, выдадзенае намесьніку старшыні Рады БНР Васілю Захарку ў 1920 годзе

Пасьля сьмерці Міколы Абрамчыка ў 1970 годзе, рашэньнем Рады БНР дакумэнты Рады зь яго архіву мусілі быць перададзеныя на захаваньне і для дасьледаваньня ў Бібліятэку імя Скарыны, аднак да 2025 году апынуліся па-за валоданьнем Рады БНР.

Ліст Васіля Захаркі на адрасы Міколы Абрамчыка і Ларысы Геніюш, напісаны лацінскай графікай

«Цяпер, пасьля аднаўленьня ўласнасьці Рады БНР над гэтымі дакумэнтамі, было пагоджана, што Рада БНР перадае Архіў Міколы Абрамчыка на захаваньне і выкарыстаньне Беларускай бібліятэцы ім. Ф. Скарыны да часу складаньня гістарычнага мандату Рады БНР адпаведна Статуту Рады БНР і прыняцьця супольнага рашэньня аб далейшым юрыдычным лёсе Архіву.

Пасьля папярэдняй інвэнтарызацыі Архіву, ён стане даступны дасьледнікам у блізкім часе», — напісала Рада БНР на сваёй старонцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане перадалі частку дзяржаўнага архіву Рады БНР

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Француская гісторыя Лявона Рыдлеўскага, слуцкага паўстанца і партызана макí