Вызвалены зь беларускай турмы журналіст Анджэй Пачобут «у выдатнай форме», заявіў у этэры тэлеканалу TVP Info прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.
Паводле яго, гэта пацьвердзіла праведзенае ў Варшаве мэдычнае абсьледаваньне былога палітвязьня.
Гаворачы аб сумеснай вячэры 2 траўня з Пачобутам і яго жонкай Аксанай, Туск назваў журналіста «незвычайна моцным чалавекам, поўным энэргіі».
«Пані Аксана трохі перажывае, вядома, за яго будучыню, бо ён гатовы да далейшай барацьбы, перш за ўсё за правы палякаў [у Беларусі]», — сказаў прэм’ер Польшчы.
«Анджэй Пачобут усё сваё жыцьцё прысьвяціў абароне інтарэсаў палякаў, якія жывуць у Беларусі. Ён рызыкаваў жыцьцём і свабодай, але ён гаварыў пра гэта з такім аптымізмам, што я даўно ня меў такой моцнай матывацыі, як падчас размовы з Анджэем Пачобутам. Чалавекам, які прасядзеў шмат-шмат гадоў за веру ў свае ідэалы», — дадаў Туск.
Ён таксама назваў журналіста «выдатнай постацьцю».
Пра сумесную вячэру з сям’ёй Пачобутаў Туск раней паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
«Размаўлялі пра Польшчу, пра свабоду і будучыню», — напісаў кіраўнік ураду Польшчы.
3 траўня прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўручыў Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Польшчы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага АрлаВызваленьне Пачобута
Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Яго арыштавалі ў 2021 годзе і асудзілі ў 2023 годзе за меркаваную «варожую дзейнасьць» і «распаўсюджваньне нянавісьці». 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.
28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен вязьнямі «5 на 5».
Польскаму боку перадалі журналіста, актывіста польскай меншасьці Анджэя Пачобута (атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці»), польскага манаха-кармэліта Гжэгажа Гавэла (абвінавачвалі ў «шпіянажы», суд на момант вызваленьня не адбыўся), грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу (14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «шпіянажы і агентурнай дзейнасьці»), а таксама двух грамадзян Малдовы, затрыманых у Расеі і абвінавачаных у шпіянажы.
Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі «Паспалітае рушэньне» Ўладзіслава Надзейку (арыштаваны за перадачу ў Менск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесьніка кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэляна (працаваў на беларускі КДБ), расейскага археоляга Аляксандра Буцягіна (затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анэксаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расейскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сэпаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозьвішча пакуль невядомае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля 5 гадоў зьняволеньня вызвалілі палітвязьня Анджэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай меншасьці ў БеларусіХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.