Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Польшчы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла

Анджэй Пачобут, беларуска-польскі журналіст і былы палітвязень, за імгненне да ўручэння ордэна Белага Арла Прэзідэнтам Рэспублікі Польшча Каралем Тадэвушам Наўроцкім
Анджэй Пачобут, беларуска-польскі журналіст і былы палітвязень, за імгненне да ўручэння ордэна Белага Арла Прэзідэнтам Рэспублікі Польшча Каралем Тадэвушам Наўроцкім

Сёньня ў Варшаве прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі ўручыў журналісту і былому палітвязьню Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы.

Гэта адбылося падчас урачыстай цырымоніі, прысьвечанай Дню Канстытуцыі 3 траўня.

«Як гісторык і былы старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці я не пабаюся сказаць, што Анджэй Пачобут — гэта герой і нязломны чалавек», — сказаў Наўроцкі.

«Анджэй Пачобут стаў на нашых вачах сымбалем упартасьці, адданасьці каштоўнасьцям, якія ён вызнае, і барацьбы за правы чалавека».

Караль Наўроцкі ўганараваў Анджэя Пачобута ордэнам яшчэ летась 11 лістапада, у Дзень незалежнасьці Польшчы, калі Пачобут яшчэ быў за кратамі.

Прэзыдэнт Польшчы зрабіў гэта на знак прызнаньня выбітных заслугаў Пачобута ў дзейнасьці на карысьць палякаў у Беларусі, ягонай барацьбы за правы чалавека і нязломнай пазыцыі ў супрацьстаяньні з праявамі таталітарных рэжымаў, — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнцкай канцылярыі.

Днём раней Анджэя Пачобута з жонкай Аксанай запрасіў на вячэру прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы X.

«У Дзень Палёніі запрасіў на вячэру Аксану і Анджэя. Размаўлялі пра Польшчу, пра свабоду і будучыню», — напісаў прэм’ер-міністар.

Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Яго арыштавалі ў 2021 годзе і асудзілі ў 2023 годзе за меркаваную «варожую дзейнасьць» і «распаўсюджваньне нянавісьці». 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.

Ордэн Белага Арла — найстарэйшая і найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Польшча, якая ўручаецца за выдатныя грамадзянскія і ваенныя заслугі на карысьць Рэспублікі Польшча. Ордэн уручаецца найбольш выбітным палякам і вышэйшым прадстаўнікам замежных дзяржаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG