«Мы практычна штодня фіксуем парушэньні дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы», — заявіў у эфіры СТВ камандзір вайскова-паветраных сілаў і войскаў проціпаветранай абароны Ўзброеных Сілаў Беларусі Андрэй Лук’яновіч.
«Гэта найперш зьвязана з складаным геаграфічным становішчам нашай краіны, бо мы маем выступы як на тэрыторыі Ўкраіны, так і на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, на поўдні, на ўсходзе», — патлумачыў ён.
Таксама адхіліць дроны з маршрутаў уздоўж беларускай мяжы могуць сродкі радыёэлектроннай барацьбы, адзначыў вайсковец.
«Мы дадзеныя выпадкі фіксуем, і пры парушэньні дзяржаўнай мяжы, пры ўваходзе ў паветраную прастору Рэспублікі Беларусь, калі дадзеная паветраная цэль уяўляе пагрозу нашым крытычна важным аб’ектам, то дадзеная цэль зьнішчаецца», — дадаў ён.