Гэта адбылося падчас урачыстай цырымоніі, прысьвечанай Дню Канстытуцыі 3 траўня.
«Як гісторык і былы старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці я не пабаюся сказаць, што Анджэй Пачобут — гэта герой і нязломны чалавек», — сказаў Наўроцкі.
«Анджэй Пачобут стаў на нашых вачах сымбалем упартасьці, адданасьці каштоўнасьцям, якія ён вызнае, і барацьбы за правы чалавека».
Караль Наўроцкі ўганараваў Анджэя Пачобута ордэнам яшчэ летась 11 лістапада, у Дзень незалежнасьці Польшчы, калі Пачобут яшчэ быў за кратамі.
Прэзыдэнт Польшчы зрабіў гэта на знак прызнаньня выбітных заслугаў Пачобута ў дзейнасьці на карысьць палякаў у Беларусі, ягонай барацьбы за правы чалавека і нязломнай пазыцыі ў супрацьстаяньні з праявамі таталітарных рэжымаў, — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнцкай канцылярыі.
Днём раней Анджэя Пачобута з жонкай Аксанай запрасіў на вячэру прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы X.
«У Дзень Палёніі запрасіў на вячэру Аксану і Анджэя. Размаўлялі пра Польшчу, пра свабоду і будучыню», — напісаў прэм’ер-міністар.
Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня «Gazeta Wyborcza». Яго арыштавалі ў 2021 годзе і асудзілі ў 2023 годзе за меркаваную «варожую дзейнасьць» і «распаўсюджваньне нянавісьці». 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.
Ордэн Белага Арла — найстарэйшая і найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Польшча, якая ўручаецца за выдатныя грамадзянскія і ваенныя заслугі на карысьць Рэспублікі Польшча. Ордэн уручаецца найбольш выбітным палякам і вышэйшым прадстаўнікам замежных дзяржаў.