Трамп загадаў вывесьці 5000 амэрыканскіх вайскоўцаў зь Нямеччыны

Адна з амэрыканскіх частак у Нямеччыне. Ілюстрацыйнае фота.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў вывесьці зь Нямеччыны пяць тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў.

Як адзначае Reuters, гэта адбываецца на фоне абвастрэньня рознагалосьсяў паміж Дональдам Трампам і ЭЗ наконт вайны з Іранам.

Раней канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц заявіў, што Іран «зьневажае» ЗША на перамовах аб спыненьні вайны і што ён не разумее, якую стратэгію выхаду з канфлікту праводзіць Вашынгтон. Пасьля гэтага Трамп прыгразіў скарачэньнем колькасьці амэрыканскіх войскаў у Нямеччыне.

Пэнтагон заявіў, што вайскоўцаў выведуць на працягу паўгода-года. Адзначаецца, што ў выніку колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Эўропе вернецца да ўзроўню, які быў да пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Цяпер у Нямеччыне дыслакуюцца каля 36 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў — гэта найбуйнейшы амэрыканскі кантынгент у Эўропе.

Заява Трампа аб тым, што ён пераглядае колькасьць амэрыканскіх войскаў у Нямеччыне, зьдзівіла нямецкіх вайсковых службоўцаў, з якім пагутарыў Reuters. У размове яны спаслаліся на канструктыўныя сустрэчы ў Пэнтагоне, якія адбыліся раней у той жа дзень. Суразмоўцы агенцтва сьцьвярджалі, што Нямеччына зрабіла больш, чым іншыя саюзьнікі, для падтрымкі вайны ЗША ў Іране, у тым ліку дазвол на выкарыстаньне баз.

Міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс заявіў, што прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Эўропе «адпавядае нашым інтарэсам і інтарэсам Злучаных Штатаў». Пры гэтым ён дадаў, што «было прадказальна, што ЗША выведуць войскі з Эўропы, у тым ліку Германіі». Мінісатр таксама заклікаў эўрапейскіх саюзьнікаў «узяць на сябе вялікую адказнасьць за сваю бясьпеку».

Раней агенцтва Reuters пісала аб унутраным лісьце Пэнтагона, у якім былі выкладзены варыянты пакараньня саюзьнікаў па NATO, якія, на думку Вашынгтона, не падтрымалі вайну ЗША супраць Ірана. Сярод варыянтаў былі выключэнне Гішпаніі з NATO і перагляд пазыцыі ЗША па прэтэнзіях Вялікабрытаніі на Фальклэндзкія выспы.

30 красавіка Трамп не выключыў магчымасьці вываду часткі амэрыканскіх войскаў з Італіі і Гішпаніі з прычыны нязгоды кіраўніцтва гэтых краін з вайной супраць Ірана.

У сакавіку Трамп прыгразіў увесьці поўнамаштабнае гандлёвае эмбарга ЗША ў дачыненьні да Гішпаніі пасьля таго, як краіна адмовілася дазволіць амэрыканскім вайскоўцам выкарыстоўваць свае базы для апэрацый, зьвязаных з ударамі па Іране.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп прапанаваў Пуціну заканчваць вайну ва Ўкраіне, а не займацца справамі Ірану