Зяленскі анансаваў рэформу войска, у тым ліку звальненьне мабілізаваных

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі анансаваў «паэтапнае звальненьне са службы тых, хто быў мабілізаваны раней» у рамках рэформы войска.

Пра гэта гаворыцца ў ягоным тэлеграм-канале.

«Даручыў узмацніць кантрактную сыстэму ў Сілах абароны такім чынам, каб дзякуючы пашырэньню кантрактнага складніка забясьпечыць пэўныя тэрміны службы і магчымасьць — пачынаючы ўжо з гэтага году — паэтапнага звальненьня са службы тых, хто быў мабілізаваны раней, на аснове дакладных часовых крытэрыяў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дарадца прэзыдэнта па камунікацыях Дзьмітры Літвін патлумачыў журналістам, што дэталі і тэрміны звальненьня вайскоўцаў са службы прадставяць Міністэрства абароны і Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны.

«У цэлым задума ў тым, каб дзякуючы абноўленым кантрактам забясьпечыць звальненьне са службы тых, хто быў мабілізаваны раней», — пацьвердзіў Літвін.

Як паведаміў Зяленскі, адной з ініцыятываў, якая падтрымлівае такое рашэньне, стане павелічэньне заробкаў «з улікам прынцыпу справядлівасьці».

Раней галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі падпісаў загад аб абавязковай ратацыі вайскоўцаў на перадавой. Згодна зь ім, байцы могуць знаходзіцца непасрэдна на пазыцыях ня больш за два месяцы, пасьля чаго іх абавязаны адправіць на адпачынак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зацьвердзіў санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі, шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускага войска для «расейскай мясарубкі» хопіць на некалькі дзён, — аналітык Інстытуту вывучэньня вайны