У красавіку стала нашмат больш спробаў нелегальна трапіць зь Беларусі ў балтыйскія краіны, і менш — у Польшчу

Мяжа Латвіі і Беларусі, архіўнае фота

У красавіку Латвія спыніла ў 5,4 разу больш спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, чым за ўвесь першы квартал 2026 году.

У красавіку такіх спробаў было 1.700, а за ўвесь першы квартал — 315, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Дзяржаўнай памежнай аховы гэтай балтыйскай краіны, якія публікуюцца штодзённа.

  • Літва ў мінулым месяцы зафіксавала 481 спробу мігрантаў нелегальна перайсьці мяжу з беларускай тэрыторыі. Гэта ў 2,5 разу больш, чым за ўвесь першы квартал — агулам такіх спробаў тады было 189.
  • Актуальныя зьвесткі па сытуацыі на мяжы Беларусі з Польшчай зьявяцца пазьней. За 29 красавіцкіх дзён Польшча зарэгістравала 14 такіх спробаў. У студзені іх было 13, у лютым — 52, у сакавіку — 93.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не хачу даваць пустых абяцаньняў», Сікорскі дапусьціў перазагрузку стасункаў з Менскам пасьля вызваленьня Пачобута

Зь вясны 2021 году на мяжы Беларусі і краінаў Эўразьвязу цягнецца міграцыйны крызіс, які ўлады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальную міграцыю ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо мігрантаў туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва пасьля заявы Польшчы аб перазагрузцы стасункаў зь Менскам хоча абмеркаваць гэтае пытаньне з Варшавай