Міжнароднае журы 61-й Вэнэцыянскай выставы мастацтваў, якая праходзіць раз на два гады (біенале), у чацьвер падало ў адстаўку ў поўным складзе — за дзевяць дзён да адкрыцьця выставы.
Да гэтага некалькі месяцаў вяліся спрэчкі наконт удзелу ў біенале Расеі, нягледзячы на поўнамаштабную вайну, якую яна вядзе супраць Украіны.
Ад Беларусі на сёлетняй біенале будзе незалежны праект «Official. Unofficial. Belarus.», які стане часткай афіцыйнай паралельнай праграмы. Гэта праект Беларускага свабоднага тэатру разьмесьціцца ў касьцёле Сан-Джавані Эвангеліста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Канапа» з Даніэлай Калядой. Сэрыял па Караткевічу, ВКЛ на продаж і Ціханоўскія на NetflixТыдзень таму журы выставы заявіла, што ня будзе разглядаць працы мастакоў з краін, у дачыненьні да лідэраў якіх вядуцца расьсьледаваньні Міжнароднага крымінальнага суду (МУС). Канкрэтныя краіны названыя не былі, але раней МУС выдаў ордэры на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу.
Пасьля адстаўкі журы Вэнэцыянская біенале абʼявіла, што цырымонія ўручэньня прызоў, якая павінна была адбыцца ў дзень адкрыцця 9 траўня, пройдзе 22 лістапада, калі выстава закрыецца.
Арганізатары гэтай найбуйнейшай у сьвеце міжнароднай мастацкай выставы заявілі ў сакавіку, што дазволяць Расеі ўдзельнічаць, упершыню ад 2019 году. Гэтае рашэньне пасьля падвергнулася рэзкай крытыцы з боку Ўкраіны і кіраўніцтва Эўразьвязу. У Эўракамісіі заявілі, што ўдзел Масквы ў біенале парушае рэжым санкцыяў.
Брусэль папярэдзіў аб магчымасьці скараціць фінансавую падтрымку выставы. Італьянскі ўрад, які заўсёды падтрымліваў абаронныя намаганьні Ўкраіны пасьля маштабнага ўварваньня Расеі, падкрэсьліў, што біенале дзейнічае «абсалютна незалежна» ад пазыцыі Рыму.