У Менску закрываецца дзяржаўная інстытуцыя з больш як дзесяцігадовай гісторыяй. Размова пра Нацыянальны цэнтар сучаснага мастацтва — у Інстраграме арганізацыя апублікавала допіс пра «Ноч музэяў», якую ладзіць установа.
У допісе намёку на закрыцьцё ўстановы няма, аднак на падзейнай афішы НЦСМ разьмясьціла прыпіску «апошняя», і гэта заўважылі карыстальнікі, якія пачалі задаваць пытаньні ў камэнтарох.
Інфармацыю пра закрыцьцё НЦСМ пацьвердзілі выданьню Reform.news дзьве незалежныя крыніцы з культурніцкіх колаў. Установа будзе працаваць да восені, а потым канчаткова закрыецца. Цяпер у цэнтры працуюць каля 50 чалавек.
Фонды ўстановы, як і пляцоўка на вуліцы Якуба Коласа, пяройдуць Нацыянальнаму мастацкаму музэю. Памяшканьні па вуліцы Някрасава дастануцца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Ліквідацыю НЦСМ зьвязваюць з постацьцю новага старшыні Саюзу мастакоў, прарэктара ў адміністрацыйна-гаспадарчай працы Акадэміі мастацтваў Андрэя Васілеўскага. Выданьне са спасылкай на свае крыніцы выказвае меркаваньне, што ён зацікаўлены ў плошчах НЦСМ, і ціск на арганізацыю адбыўся пры падтрымцы Міністэрства культуры.
Нацыянальны цэнтар сучаснага мастацтва летась адсвяткаваў сваё дзесяцігодзьдзе. Як установа культуры зьмяшанага тыпу НЦСМ існуе з 2015 году ў выніку зьліцьця «Творчых майстэрняў „Цэнтар сучасных мастацтваў“» (2011–2015) і дзяржаўнай установы «Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва» (1998–2015).
НЦСМ займаўся прасоўваньнем экспэрымэнтальных кірункаў у розных відах мастацтва (выяўленчым, тэатральным, музычным), падтрымкай маладых мастакоў і куратараў. Установа выступала арганізатарам нацыянальных павільёнаў Рэспублікі Беларусь на трох Вэнэцыянскіх біенале, Трыенале сучаснага мастацтва, Нацыянальнай прэміі ў сфэры выяўленчага мастацтва і іншых падзей.
Форум